Памёр даследчык мовы Тамаш Тамашэвіч



Беларускае мовазнаўства панесла страту. Памёр гарадзенскі выкладчык, даследчык мовы Тамаш Тамашэвіч. Яму было 64 гады. Цягам больш як 20-ці гадоў ён займаўся пытаннямі перакладу і тэрміналогіі. Быў паслядоўным прадаўжальнікам лінгвістычнай школы прафесара Івана Лепешава.

Пра яго згадвае загадчыца кафедры „Беларускага і параўнаўчага мовазнаўства” Купалаўскага ўніверсітэта Алена Садоўская:

– Як калега, настаўнік, навуковец і кіраўнік ён праявіў сябе ў самай вышэйшай меры і ступені. І нагадваць пра гэтага чалавека мы будзем не адзін дзясятак гадоў, таму што тое, што ён зрабіў для кафедры і той след, які ён пакінуў у жыцці кожнага студэнта, выкладчыка, калегі, безумоўна, вялікі.

Яго былы студэнт Віктар Варанец згадвае, што чвэрць века таму Тамаш Тамашэвіч праявіў сябе, як вельмі здольны выкладчык.

– Нягледзячы на тое, што, здавалася б, на філалагічным факультэце людзі больш любяць літаратуру, калі Тамашэвіч пачаў весці мову, перасталі прагульваць лекцыі. Сядзелі, слухалі, бо ўзнікалі нейкія адхіленні, пытанні. І ён не баяўся размаўляць з аўдыторыяй, што, дарэчы, для таго часу было рэдкай з’явай.

Пасьля сябе ён пакінуў першую спробу перакладу на беларускую мову рамана Герберта Уэльса „Вайна сусветаў”, „Свяшчэнны Каран. Анталогію”, „Краткий русско-белорусский словарь терминов по спортивным играм”.

Пахаваны Тамаш Тамашэвіч на гарадзенскіх могілках „Аульс”.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня