Памёр беларускі навуковец Генадзь Праневіч



Сумная вестка прыйшла з Берасцейшчыны. На 67 годзе жыцця раптоўна памёр вядомы беларускі навуковец і грамадскі дзеяч Генадзь Праневіч.

Генадзь Праневіч нарадзiўся 3 кастрычнiка 1950 года ў в. Жарабковiчы Ляхавiцкага раёна Берасцейскай вобласцi ў сялянскай сям‘i.  Скончыў Жарабковiцкую сярэднюю школу. Працаваў токарам на Берасцейскiм заводзе “Газаапарат”, пасля рабочым пошукавага аддзела “Аблмiжкалгаспраекта” у абласным цэнтры. У вераснi 1969 году стаў студэнтам беларуска-расейскага аддзялення фiлалагiчнага факультэта Белдзяржунiверсiтэта, якi скончыў у 1974 годзе. Два гады служыў афіцэрам у Савецкай Армii. Пасля выкладаў беларускую і расейскую лiтаратуры i займаў пасаду намеснiка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў Берасцейскiм СГПТВ-65 будаўнiкоў. 

Пасля заканчэння аспiрантуры пры кафедры беларускай літаратуры Белдзяржунiверсiтэта з снежня 1983 г. пачаў працаваць у Берасцейскiм педагагiчным iнстытуце асiстэнтам на кафедры беларускай лiтаратуры.  У 1990 г. абаранiў кандыдацкую дысертацыю. У чэрвенi 1991 г. выбраны на пасаду дацэнта кафедры беларускага лiтаратуразнаўства. У сакавiку 1994 г. па прапанове Уладзіміра Калесніка быў абраны загадчыкам кафедры беларускага лiтаратуразнаўства. З 1997 па травень 2000 г. быў у дактарантуры пра Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Двойчы (1999, 2002 гг.) стажыраваўся пры Інстытуце Польскай філалогіі Ягелонскага універсітэта ў Кракаве. Цягам 10 гадоў – з 1994 па 2004 г. – абіраўся старшынём Берасцейскага аддзялення ГА “Фонд імя Льва Сапегі”. З 2000-га працаваў дацэнтам кафедры беларускага літаратуразнаўства Берасцейскага дзяржуніверсітэта.

Генадзь Праневіч – аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых працаў. Ведамы як літаратурны крытык, паэт і публіцыст. Грунтоўна даследаваў узаемасувязi сярэднявечнай i новай беларускай лiтаратуры, працэсы гісторыка-культурнага ўзаемадзеяння і развіцця рамантызму ў славянскіх літаратурах. Даследаваў біяграфію Льва Сапегі, выдаў на гэтую тэму шэраг кніжак.

У Генадзя Праневіча засталіся жонка і трое дарослых дзяцей.

Светлая памяць…

Беларускае Радыё Рацыя