Развітанне з Алесем Белакозам (абноўлена)



У вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна развіталіся з вялікім сынам Беларусі Алесем Белакозам. Меў ён 88 гадоў. На пахаванне прыехалі грамадскія актывісты, былыя вучні на беларускай ніве з усёй Гарадзеншчыны. Асаблівы след пакінуў пасля сябе Алесь Белакоз сваім музеем, а таксама адмысловым метадам патрыятычнага выхавання.

Згадвае пра яго былы настаўнік матэматыкі з Луны Лявон Карповіч.

– Многія гавораць, што тут умовы цяжкія, пераслед і г.д., таму ў нас і не атрымліваецца. Ён перажыў усе гэтыя ўмовы, якія былі значна складанейшыя з пачатку яго працоўнай дзейнасці. І такімі яны былі ўвесь час. Ён прыклад таго, як трэба працаваць, як трэба дасягаць мэты, як трэба рабіць, каб быў вынік. Бо што такое праца без выніку?..

Працэсія ад хаты Алеся Белакоза да царквы і ад царквы да могілкаў прыцягнула многіх аднавяскоўцаў. Пахаваны Алесь Белакоз праз дзясятак метраў ад магілы яго сына, пакрыты бел-чырвона-белым сцягам, за ідэі якога ён так змагаўся ўсё сваё жыццё.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

* * *

Памёр вядомы беларускі дзеяч Алесь Белакоз – стваральнік дзяржаўнага Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея. Яму было 88 год.

belakoz-ales-f

Яго асоба, як нацыянальнага дзеяча, пакінула значны ўплыў на фармаванне сьвядомых людзей на ніве беларускасці. Кажа прафесар Аляксей Пяткевіч з Гародні:

– Ён быў вялікім беларусам, і , безумоўна, пражыў жыццё, якое можна назваць падвіжніцкім. Ён не займаў высокіх пасад і жыццё пражыў у вёсцы, але ён рабіў справу нацыянальнага адраджэння ўсё сваё жыццё. Працуючы настаўнікам, вучыў дзяцей паслядоўна і вельмі старанна шанаваць сваё бацькоўскае, роднае.

Той шлях нацыянальнага інтэлігента, які выбраў Алесь Белакоз у сваім жыцьці, паказвае яго велічнасьць і самаахвярнасьць. Кажа прафесар Алесь Астроўскі з Гародні:

– Алесь Мікалаевіч Белакоз быў узорам, прыкладам людзей падобнага гатунку. Усё сваё жыццё ён прысвяціў беларускаму народу, змаганню за яго аб’ёктыўныя інтарэсы. А аб’ектыўныя інтарэсы – гэта тое, што трэба каб у беларускага народа было па законах маралі, справядлівасці, як народа, які тысячагоддзямі жыве на сваёй этнічнай тэрыторыі.

Пахаванне Алеся Белакоза пройдзе а 10-00-й гадзіне 2-га сьнежня на яго радзіме ў вёсцы Гудзевічы, Мастоўскага раёна.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * *

Пра гэта паведаміў у сваім Фэйсбуку гісторык Андрэй Вашкевіч:

„Сумная вестка – памёр Алесь Белакоз. Адданы патрыёт Беларусі, чалавек вялікага сэрца, стваральнік Гудзевіцкага музея, адзінага на Гродзеншчыне школьнага музея, якому ўдалося стаць дзяржаўным. Памятаем гэтага чалавека. Светлая памяць!”, – напісаў ён.

Алесь Белакоз нарадзіўся 11 лістапада 1928 г. у Лятках (цяпер Мастоўскі раён) у сям’і малазямельнага селяніна, які па вяртанні з заробкаў у Бразіліі пабудаваў на заробленыя грошы дом у вёсцы Ляткі і адкрыў прыватную краму.