Памёр Уладзімір Міхарскі



Уначы, пасля працяглай хваробы, памёр вядомы кінадакументаліст, экс-рэжысёр забароненай уладамі тэлепраграмы «Крок-2» Уладзімір Якаўлевіч Міхарскі.

img_0580

Выпускнік айчыннага БДТМІ (акторскі факультэт ), а таксама Ленінградскага інстытута тэатра, музыкі і кінематаграфіі заўжды быў прафесіяналам высокага роўню. Працаваў у розных жанрах. Адна з першых прац –  фільм-канцэрт «У кружэнні танца» (1967 ) адразу атрымаў узнагароду міжнароднага фестывалю ў Ірландыі. Зробленая пасля вандроўкі на вайну дакументальная стужка «Аўганскія пытанні» атрымала адзін з галоўных прызоў Усесаюзнага кінафэсту ў Адэсе. Пасля забароны лукашэнкаўскімі ўладамі культавай у свае часы тэлепраграмы «Крок» стаў працаваць на тэлеканале «Белсат», дзе зняў звыш 15 дакументальных кіно, мноства рэпартажаў для праграмы «Рэпартэр». Ганарыўся жартаўлівым выразам таксама яго героя Генадзя Бураўкіна пасля здымак – «для мяне ёсць дзве падзеі года – аперацыя на сэрцы і тое, што Міхарскі загаварыў па-беларуску».

Уладзімір Якаўлевіч займаў выразна дэмакратычную пазіцыю па ўсіх балючых пытаннях краіны, што неаднаразова выявілася і ў праграмах нашага радыё. Быў энцыклапедыстам тэлевізійнага жыцця, пра што трапна і з гумарам ўмеў расказаць, становячыся душой кампаніі. Хоць галоўнай ягонай марай было «жыць пасля Лукашэнкі». Не спраўдзілася…

dd80506e009bb13f0d43ca6638747f2a9939c445491fcbb464pimgpsh_fullsize_distr

Уладзміру Міхарскаму было 79 гадоў.

 Вечная памяць!

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

 Фота аўтара