Памёр Юры Хадыка



Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў ягоны сын Кастусь.

„Бацькі больш з намі няма” – напісаў ён.

14211934_10210733516042837_5919865455965362835_n

Юры Хадыка — фізік, палітык, прафесар, ўдзельнік незалежніцкага руху Беларусі. Апошнія некалькі гадоў жыў у ЗША, у сям’і сына. Юрыю Хадыку было 78 гадоў.

Праграмны дырэктар Беларускага «Радыё «Рацыя» Юры Ляшчынскі асабіста ведаў прафесара і выказвае словы спачуванні яго блізкім:

— Гэта сапраўды добры і сумленны чалавек. Я спадара прафесара Юрыя  Хадыку ведаў з канца 80-ых гадоў. Ён прыязджаў і на Беласточчыну на нашы беларускія сустрэчы, але я таксама ведаў яго як навуковага супрацоўніка, фізіка. Ён займаўся пытаннямі Чарнобыля. Я памятаю, як рабіў рэпартаж пра Чарнобыль у Менску, ля Акадэміі навук пад тымі калонамі, ён прыйшоў распавёў і сказаў мне: «Ах, Юрка, цёзка мой, жахлівая справа з Чарнобылем і невядома ці будуць вядомыя да канца ўсе дэталі гэтай трагедыі».

У гэтую сумную хвіліну ад свайго імя, імя супрацоўнікаў, дырэкцыі Радыё Рацыя я хачу выказаць блізкім прафесара Юрыя Хадыкі спачуванні. Няхай зямля яму лёгкай будзе. Цяпер ужо амерыканская…

***

Юры Хадыка нарадзіўся ў Мінску 23 чэрвеня 1938 г.

Зрабіў кар’еру ў фізіцы, узначальваў секцыю аптычна-электронных сродкаў разведкі ў камісіі АН СССР па распрацоўцы прагнозу развіцця ўзбраенняў, абараніў доктарскую «Аптычныя характарыстыкі факелаў балістычных ракет», аўтар каля 150 навуковых прац па фізіцы.

Юры Віктаравіч таксама прымаў удзел у зборы матэрыялаў (экспедыцыі) і напісанні «Зводу помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», у 1979 адкрыў пры АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры.

Далучыўся да руху беларускага адраджэння. З 1988 — намесніка старшыні БНФ (быў да снежня 2007).

У 1996 г., пасля сканчэння масавага Чарнобыльскага шляху, сп. Хадыка разам з В. Сіўчыкам 26 красавіка быў арыштаваны і кінуты ў турму, яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У знак пратэсту абвясціў галадоўку. 21 траўня быў вызвалены.

Беларускае Радыё Рацыя