Папа Рымскі і Патрыярх Маскоўскі падпісалі сумесную дэкларацыю



Папа Рымскі Францішак і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сустрэліся ў аэрапорце Гаваны.

fr3_160212-tb5ox

Па выніках сустрэчы Папа і Патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой закранутыя пытанні двухбаковых адносін і міжнароднай палітыкі.

У сумеснай заяве Папа і Патрыярх заклікалі вернікаў ва Украіне спыніць канфлікт у краіне. Таксама яны заклікалі міжнародную супольнасць да абароны хрысціян на Блізкім Усходзе, дзе прыхільнікі хрысціянства падвяргаюцца ганенням, ды з’яднацца ў барацьбе супраць тэрарызму, сведчыць дэкларацыя, падпісаная кіраўнікамі дзвюх цэркваў на сустрэчы ў аэрапорце імя Хасэ Марці ў Гаване.

fr160212-fkj9z

Рэлігійныя лідары таксама заклікалі ня быць абыякавымі да ўцекачоў, што грукаюць у дзверы багатых краін, і асудзілі культуру спажывання, звязаную з багаццем. «Нястрымнае спажыванне, характэрнае для некаторых найбольш развітых дзяржаваў, імкліва вычэрпвае рэсурсы планеты», — адзначаецца ў дакуменце.

У дэкларацыі таксама асуджаюцца аднаполыя шлюбы і падкрэсліваецца, што сям’я заснавана на шлюбе, як акце свабоднага і вернага кахання паміж мужчынам і жанчынай:

«Іншыя формы сужыцця цяпер ураўноўваюцца з гэтым саюзам, а асвячаныя біблейскай традыцыяй уяўленні пра бацькоўства і мацярынства, як асаблівае пакліканне мужчыны і жанчыны ў шлюбе выцясняюцца з грамадскай свядомасці»,— гаворыцца ў дакуменце.

У дэкларацыі Патрыярх і Папа выказалі смутак з-за страты адзінства цэркваў і надзею, што іх сустрэча натхніць хрысціян усяго свету на малітву за поўнае адзінства цэркваў. Папа і Патрыярх падкрэслілі, што яны — не супернікі, а браты.

fr6_160212-te3yp

«Гэта была вельмі змястоўная гутарка, якая дала магчымасць зразумець і адчуць пазіцыі адзін аднаго, і яе вынікі даюць магчымасць сказаць, што сёння дзве царквы могуць актыўна сумесна працаваць, абараняючы хрысціян па ўсім свеце»,— паведаміў пасля сустрэчы Патрыярх Кірыл.

Кірыл раней ужо асабіста сустракаўся з папярэднімі папамі — Янам Паўлам II і з Бенэдыктам XVI. Гэта было яшчэ да таго, як ён заняў пасаду патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі.

fr2_160212-7p143

Радыё Свабода