„Папрасіў паказаць сертыфікат, выклікалі міліцыю, склалі пратакол”



За дробнае хуліганства хочуць прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікі праваахоўных органаў берасцейскага прадпрымальніка Канстанціна Гергуса. Інцыдэнт адбыўся 21 лютага, калі ён пайшоў набываць рэчы на рынак „Лагуна”. На патрабаванне прадаставіць сертыфікат у прадпрымальнікаў, якія выйшлі на працу, ён атрымаў адмову. Прадаставіць кнігу скаргаў і прапановаў бізнэсоўцы таксама адмовіліся, пасля чаго самастойна выклікалі супрацоўнікаў міліцыі, каб тыя склалі адміністрацыйны пратакол па прычыне прыніжэння іх годнасці, – распавёў Канстанцін Гергус:

– Прыйшоў купіць маці да 8 сакавіка куртку. Зайшоў у адзін павільён. У другі. Падыйшоў да павільёна з адзеннем і пабачыў там патрэбную куртку. Спытаў у дзяўчыны: як праверыць якасць, зараз усе гавораць пра сертыфікаты. Спытаў: можа ў вас ёсць? Яна сказала, што нічога не абавязана паказваць.

Са словаў Канстанціна Гергуса, грамадзянка, якая гандлявала на рынку, паспрабавала таксама самастойна затрымаць яго, ухапіўшыся за руку. Сведкамі для складання пратаколу выступілі некалькі калегаў прадстаўніцы малога бізнэсу. Судовыя разбіральніцтвы па гэтай справе прызначаныя на 3 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота virtualbrest.by