“Парад цацак” у падтрымку хворай дзяўчынкі



Гарадзенскі дзіцячы хоспіс правёў на вуліцы Савецкай у Гародні «парад цацак» у падтрымку Марыі Кара, дзяўчынкі, якая з нараджэння знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане з-за перанесенага менінгаэнцефаліта.

d3751d2c-9779-41eb-b0dc-7b865854b208

Асаблівасць акцыі ў тым, што амаль дзьве сотні дзетак прынеслі  свае асабістыя цацкі,  каб выказаць падтрымку дзяўчынцы. Цацкі нібы сядзелі ў цэнтры выліцы Савецкай і трымалі аб’явы з хэштэгам #ПомогиМарииКара.

Пра акцыю распавядае піяр-мэнеджар Міхаіл Ліс:

– Мэта сённяшняй акцыі – прыцягнуць увагу да праблемы здароўя Марыі Кара і сабраць грошы для таго, каб купіць ёй апарат, дзякуючы якому яна зможа апынуцца дома, а не знаходзіцца ўвесь час у шпіталі.

fa276951-87fa-467c-8825-6bce1eb67bf5

Дырэктарка Гарадзенкага дзіцячага хоспіса Вольга Шульга:

– Мы цешымся, што і надалей ў нас будуць магчымасці і рэсурсы, каб праводзіць такія акцыі. Каб паказваць людзям, што дабрачыннасць можа быць рознай – яна можа быць прыгожай, кранальнай, запамінальнай. І таксама вельмі важна ў жыцці кожнага чалавека, каб ён ахвяраваў таму, хто патрабуе гэтай дапамогі.

Арганізатары акцыі праз асвятленне ў СМІ, а таксама праз пляцоўку “Мае Сэнс” плануюць сабраць 13 тысяч еўра. Менавіта столькі каштуе апарат, які дапаможа дзяўчынцы вярнуцца дахаты пасля двух гадоў, праведзеных у шпіталі. Нават падчас правядзення акцыі гарадзенцы прапаноўвалі свае наяўныя грошы дзіцячаму хоспісу, але хоспіс прымае грошы праз банкаўскі рахунак, а таксама праз адмысловы нумар тэлефона 8 902 24 14 14. Патэфанаваўшы на гэты нумар кожны жыхар Беларусі ахвяруе 20 тыс рублёў у дапамогу хворым дзеткам.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня