Пасвячэнне касцёла Святога Тадэвуша ў Лучаі



239-ую гадавіну пасвячэння касцёла Святога Тадэвуша ў Лучаі і фэст у гонар гэтага святога адзначылі вернікі Пастаўшчыны. Падчас урачыстасцяў была адкрытая скульптура дванаццатага апостала Мацвея. Да свята былі скончаныя і працы  па  ўсталяванні 65-ці барэльефаў евангельскіх сюжэтаў з жыцця Ісуса Хрыста.

Паводле ксяндза Мікалая Ліпскага, касцёл у Лучаі працаваў усе гады, акрамя савецкага часу. Дзесьці каля сарака год ён быў зачынены і выконваў ролю калгаснага склада і зернесховішча.

– У касцёла ёсць тыдзень, калі моляцца ў кожнай парафіі і адзначаецца гадавіна пасвячэння ўласнага касцёла. Мы, на шчасце, маем ужо вялікую лічбу – 239 гадоў пасвячэння нашай святыні. Дзякуючы Богу і людзям добрай волі мы паставілі поўны камплект апосталаў.

Касцёл Святога Тадэвуша ў Лучаі адносіцца да гісторыка-культурнай каштоўнасці XVIII стагоддзя. Сёлета ў ліпені ён адзначыў  250-годдзе з часоў свайго заснавання. За апошнія гады храм стаў сапраўдным цэнтрам беларускасці – амаль  штомесяц тут ладзяцца фэсты з удзелам мясцовых і сталічных беларускамоўных выканаўцаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Лучаі

Фота аўтаркі