БХД накіруе патрыярху Кірылу спецыяльны мемарандум (абноўлена)



Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» накіруе кіраўніку Рускай праваслаўнай царквы – партыярху Кірылу – спецыяльны мемарандум, у якім паінфармуе аб сітуацыі ў Беларусі, а таксама аб дзейнасці і праблемах сваёй арганізацыі. Пра гэта паведаміў сустаршыня БХД Павел Севярынец:

– Гэты мемарандум у нас традыцыйна накіроўваецца ва ўсе буйныя канфесіі, таму інфармацыю пра дзейнасць Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Руская праваслаўная царква і патрыярх Кірыл будуць мець. Ці захочуць яны адрэагаваць, выказацца, альбо сустрэцца – гэта ўжо пытанне, канешне, да кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы. Гэта такія пратакольныя захады, якія абавязковыя для партыі, якая абапіраецца на хрысцінскія каштоўнасці і мае цэсныя сувязі з цэрквамі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя.

* * *

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сёння ў 11.50 прыбудзе ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» з чацвёртым візітам у Беларусь, які працягнецца да 22-га чэрвеня.

Апалове на 15-ю іерарх возьме ўдзел ва ўскладанні вянка да абеліска на плошчы Перамогі, а 17-й узначаліць служэнне ютрані Начнога чування ў Свята-Духавым кафедральным саборы, потым возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцця Духоўна-адукацыйнага цэнтра Беларускай Праваслаўнай Царквы. У нядзелю, 21-га чэрвеня, Патрыярх Кірыл прыбудзе ў Берасце, дзе ўзначаліць Літургію ў Уваскрасенскім саборы. 22-га чэрвеня раніцай адбудзецца памінальная ліція па воінах-вызваліцелях Вялікай Айчыннай вайны ў Мікалаеўскім гарнізонным саборы Берасцейскай крэпасці, а затым — жалобны мітынг на плошчы Цырыманіялаў, прысвечаны памяці загінулых герояў.

Беларускае Радыё Рацыя