Павел Кінчак заблакаваны ў сваім доме



У Берасці зноў заблакаваны ў сваім доме супрацоўнікамі міліцыі ў штацкім прамоўца на першых дзвюх акцыях Павел Кінчак. Яны паведамілі пра тое, што да 16 гадзін яму забаронена выходзіць з дома, і прапанавалі праехаць з імі на размову ў Маскоўскі РАУС. Кажа Павел Кінчак:

Я запытаў, на падставе чаго я мушу праехаць з імі ў Маскоўскі РАУС. Яны адказалі, што гэта загад зверху. Я адказаў, што калі гэта загад зверху, то я з’яўлюся там толькі па павестцы. Няма павесткі – да пабачэння, мне няма пра што з вамі гаварыць. А калі вы хочаце пагаварыць, то я ўсё буду запісваць на відэа. Яны пагадзіліся, каб запісваў. Але толькі я ступіў на сваю тэрыторыю –  яны за мной. Я сказаў, што яны не маюць права: гэта мая тэрыторыя. Яны засталіся за плотам з другога боку.

Ні на адно пытанне Кінчака пад відэазапіс міліцыянты не адказалі канкрэтна:

– Я іх запытаў, чаму ўжо другую нядзелю яны мяне пільнуюць. Што я зрабіў? Якое злачынства зрабіў? Яны адказалі, што я сам ведаю. Я папрасіў паказаць матэрыялы, на падставе чаго ўсё гэта. Яны паказваць адмовіліся, паўтараючы, што я сам усё ведаю. Да 16 гадзін яны мне параілі нікуды не выязджаць, бо ў адваротным выпадку мяне затрымае ДАІ і арыштуе па дарозе.

Не пад запіс параілі: “Вам лепш з’ехаць, бо тут вам жыцця больш не будзе”.

На пытанне: “Куды?” – пачуў: “У Польшчу ці далей куды”.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце