Павел Севярынец: І беларусізацыя, і адраджэнне без Бога – пустое



У Менску адбылася экуменічная малітва за Беларусь. Вернікі розных канфесій сабраліся ў Катэдральным Касцёле Панны Марыі на супольнае набажэнства. Ініцыятарамі малітоўнай акцыі выступіла супольнасць “Няспынная малітва за Беларусь”.

“Наша краіна найперш патрабуе пасвячэння і малітвы,” – гаворыць сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец.

Насамрэч, без малітвы не будзе нічога. І беларусізацыя, і адраджэнне без Бога – гэта пустое.

Малітва – гэта першы сродак сувязі чалавека з Богам і народа з Богам. Калі народ не моліцца – будзе жыць у галечы, у страху і тыраніі. Таму тое, што беларусы збіраюцца, каб маліцца, – гэта своеасаблівы адказ на выклік часу.

У той жа Польшчы, калі прыйшлі камуністы, палякі хутка арганізавалі малітоўную эстафету, якая трывае больш за 60 гадоў. А ў нас малітва за Беларусь паўстала дзесьці ў пачатку 2000-х гадоў. Напрыклад, адна з галінак гэтай агульнай малітвы за Беларусь – гэта малітва каля Чырвонага касцёла штодня, а асабліва па пятніцах. Ёсць малітва ў некалькіх буйных гарадах. Таксама кожны тыдзень ці месяц людзі збіраюцца каля таго ці іншага храма, у той ці іншай царкве.

Ёсць шмат розных малітваў менавіта за Беларусь як у праваслаўных цэрквах, так і пратэстанцкіх малітоўных дамах, рыма-каталіцкім касцёле.  Калі паўтара года таму ініцыятары малітвы абмяркоўвалі, як можа развівацца гэта малітва (а ўзнікла яна ў асяроддзі праваслаўных, пратэстантаў і каталікоў – хрысціянскага трыадзінства), узнікла ідэя правесці эстафетную малітву. Былі сумненні, ці пацягнем. Бо эстафетная малітва – гэта адна гадзіна на тыдзень, 168 чалавек мінімум. Але практыка паказала, што год ужо людзі моляцца, некалькі соцень чалавек прайшлі праз гэтую малітоўную чаргу. І яна толькі развіваецца.

Аксана Ючкавіч – журналіст на інфармацыйным партале catholic.by:

Гэта ініцыятыва некалькіх асобаў, якія сабраліся разам. Сярод іх – Воля Севярынец і Павел Севярынец. Мы прадстаўнікі розных канфесій, але ўсе мы маем патрэбу ў малітве.

Што такое малітва? Гэта думкі, якія паяднаныя з думкамі Божымі, з Божым проведам і промыслам. Калі ёсць такія думкі, калі яны святыя, то абавязкова павінна быць справа. Малітва – гэта тое, што натхняе на добрыя думкі, а пасля і на іх рэалізацыю.

Я лічу, што для Беларусі гэта вельмі важна. Нам патрэбны не толькі прыгожыя словы, якіх шмат. Нам патрэбна і справа. А каб яна была добрая – нам неабходна натхненне ад малітвы.

Дай бог, каб гэтая малітва трывала доўга, каб мы надалей працягвалі маліцца, каб да нас далучаліся іншыя людзі. І такім чынам множыліся нашыя добрыя справы.

Спадзяюся, што супольныя малітвы будуць праходзіць не толькі ў сталіцы, але і іншых гарадах Беларусі.  Чым больш будзе такіх агульных сустрэч, тым больш моцнымі мы будзем.

“Я мяркую, што ў такі няпросты час толькі малітва можа вярнуць нам гэтую любоў,” – зазначыў Андрэй Лугін. Штогадзінны малітоўны ланцужок цягнецца ўжо год. Далучыцца да малітвы можна праз старонку “Няспынная малітва за Беларусь” у сацыяльных сетках.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксандры Шчыглінскай