Павел Севярынец: Пытанне палітвязняў па-ранейшаму на павестцы дня (абноўлена)



У Менску ў офісе партыі БНФ прайшоў форум “Свабоду палітвязням!”. Грамадскія і палітычныя лідары, праваабаронцы ды юрысты пераглядаюць спіс палітычных зняволеных,  бо з часу зацвярджэння ў жніўні папярэдняга спісу два палітвязні – Эдуард Пальчыс і Зміцер Паліенка выйшлі на волю. Таксама, як паведаміў мадэратар форума Павел Севярынец, абвешчаны збор сродкаў для сям’і  Уладзіміра Кондруся.

– Акрамя таго ў нас вялікі блок што да міліцейскага беззаконня за апошнія тыдні. Выпадкі – і Маларыта, і Слуцк, дзе забілі чалавека да смерці. Адносна Дашкевіч адбыўся брыдкі гвалт. Будзем разглядаць гэта ўсё. Патрэбна будзе дапамога сям’і Уладзіміра Кондруся. Мы паглядзелі, людзі там зусім сціпла жывуць. Трэба будзем ім дапамагчы. І Уладзімір досыць лёгка апрануты да зімы. Таму абвяшчаем збор сродкаў.

Удзельнікі форуму далі ацэнку  міліцэйскаму беззаконню, абмяркавалі лёс сямʼі Жаўновых, справу  мытніка-краязнаўца Алеся Юркойця і дапамогу іншым беларускім вязням сумлення.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Кожны беларус рызыкуе стаць ахвярай палітычных рэпрэсій. Варта яму аказацца паблізу, ці стаць удзельнікам акцый апазіцыі. У сталічнай управе БНФ прайшоў форум “Свабоду палітвязням”.

Распавядае яго мадэратар, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

– Форум «Свабоду палітвязням!» мы збіраем тады, калі абвастраецца становішча з палітычнымі зняволеннымі і з міліцейскім беззаконнем. Зараз як раз такі час. Каля 30 чалавек – праваабаронцы, грамадскія актывісты, грамадскія і партыйныя лідары, журналісты, сваякі пацярпелых сабраліся разам, каб вырашыць некалькі пытанняў. Мы прынялі зварот да кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў, ствараем петыцыю з патрабаваннямі ягонай адстаўкі. Паколькі апошнія прыклады міліцейскага беззаконня знаходзяцца за межамі здаровага сэнсу.

Па выніках форуму быў прагаласаваны і прыняты зварот да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча – або навесці парадак у падуладнай яму структуры, або падаць у адстаўку.

 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя.