Павел Севярынец: Прыйшоў час цвёрда сказаць: Не – пераследу за іншадумства



Форум “Свабоду палітвязням” збярэ ў Менску вядомых праваабаронцаў, юрыстаў, сваякоў палітвязняў і грамадскіх дзеячаў. Арганізатар Форуму, адзін з лідараў Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец лічыць, што наспеў час сур’ёзна пагаварыць пра тыя бясчынствы і гвалт, якія праводзяць улады ў адносінах да іншадумцаў.

– Рыхтуецца суд над блогерам-патрыётам Эдуардам Пальчысам, рыхтуецца судовы працэс Уладзіміра Кондруся, ажыццяўляецца няспынны ціск на Андрэя Бандарэнку, Міхаіла Жамчужнага, Дзмітрыя Паліенку, на антыфашыстаў, якіх утрымліваюць за кратамі. І ўсё гэта робіцца перад так званымі парламенцкімі выбарамі. Абмеркаванне будзе па кожнай справе. І асобным радком мы абмяркуем допыты, пераследы, ператрусы ў сваякоў тых беларускіх хлопцаў, якія змагаюцца за незалежнасць Украіны.

На Форум запрошаныя бацькі палітвязняў, плануецца стварыць адмысловы бацькоўскі камітэт, які будзе каардынаваць узаемадапамогу гэтых людзей перад беззаконнем з боку сілавікоў.

Форум адбудзецца 7 верасня ў Менску ў памяшканні прафсаюза РЭП па адрасе Кульман, 4. Пачатак а 18-й.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by