Павел Стэфановіч: Легалізацыя канопляў – гэта неабходнасць



Удзельнік выбарчай кампаніі ў Палату Прадстаўнікоў прапануе легалізаваць у Беларусі ўжыванне канопляў.  Павел Стэфановіч з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які вылучаецца па адной са сталічных акругаў, упэўнены, што знайшоў па-сапраўднаму балючую кропку ў сённяшнім грамадстве:

– Большасць чальцоў партыі, калі ў іх спытаць, то яны будуць за легалізацыю, але ж ёсць нейкая занепакоенасць – ці не будзе гэта выкарыстана супраць нас у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, напрыклад. На жаль, гэта не эксперымент – гэта неабходнасць. Таму што легалізацыя канопляў – гэта не нейкі наш асабісты інтарэс, гэта трэнд, па якім рухаецца заходні свет, па якім рухаецца Еўропа, па якім рухаюцца Злучаныя Штаты. І ў кожнай краіне, нягледзячы на тое, як гэтая легалізацыя адбываецца, наступствы толькі пазітыўныя.

Звестак пра тое, што ў мінулым на нашых землях ужывалі каноплі ў якасці наркотыка, не захавалася. Але яны спрадвеку былі ў Беларусі сельскагаспадарчай культурай. Сцябліны выкарыстоўваліся для вырабу вяровак і грубага палатна, а насенне ужывалі як ежу.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя