Паводле звестак праваабаронцаў, у Менску каля 35 затрыманых



У Цэнтральным РУУС Менска знаходзіцца каля 30—35 затрыманых пасля дазволенай уладамі акцыі супраць дэкрэта „аб дармаедах”, паведамляе праваабарончы сайт Spring96.

Сярод затрыманых — дзяўчаты, чые імёны вядомыя: Яўгенія Пракопчык, Марына Дубіна, Алена Дубовік, Анастасія Ранько. Паводле інфармацыі затрыманага актывіста Пятра Маркелава, усяго ў Цэнтральным РУУС знаходзіцца каля 30—35 удзельнікаў акцыі. Разам з тым назіральнікі, якія дзяжураць каля РУУС, чулі інфармацыю пра 16 затрыманых.

Як паведамляюць праваабаронцы, прыблізна ў 20.35 да УУС Цэнтральнага раёна пад’ехала машына хуткай дапамогі. Не выключана, што камусьці з затрыманых стала дрэнна. Маці адной з дзяўчат паведаміла, што іх моцна збівалі. Ад яе стала вядома імя яшчэ адной дзяўчыны, якая знаходзіцца ў РУУС, — Юлія Філіпава.

belapan.by