Пенсіянер абвясціў галадоўку салідарнасці з арыштаванымі «недармаедамі»



«Пратэстуючы супраць антынароднай улады, якая праводзіць на ўказ галоўнакамандуючага незаконныя рэпрэсіі ды арышты да 15 сутак найлепшых людзей Беларусі, я, дзед 70 гадоў, Гайдукевіч Уладзімер Максімавіч, з 13 сакавіка абвяшчаю галадоўку на 15 сутак. г. Бабруйск».

Гэткі ліст прыйшоў на пошту радыё „Свабода”.

Уладзімір Гайдукевіч:

– Асудзілі Рымашэўскага на 15 сутак, Лябедзьку, Севярынца… І ў Бабруйску ні за што будуць хлопцы пакутваць. У знак іх падтрымкі, у знак салідарнасці я аб’явіў галадоўку. І тым хлопцам, якія сядзяць на нарах, лепш пагаладаць, чым тую баланду турэмную есці.

Галадоўку Уладзімір Гайдукевіч трымае ў тыя ж дні, калі і тэрміны зняволення Максіма Буйніцкага ды Яўгена Васьковіча, і калі на выхадзе з галадоўкі будуць сілы, Гайдукевіч прыйдзе вітаць іхны выхад на свабоду. Сёння стала вядома што і Яўген Васьковіч абвясціў у ізалятары галадоўку…

svaboda.org