Пенсіянеры просяць улады Гародні зладзіць пляцоўку для танцаў на зіму



На працягу многіх гадоў гарадзенскія пенсіянеры ламаюць стэрэатыпы на танцавальнай пляцоўцы ў лесапаркавай зоне Пышкі. Многім сталым танцорам і танцоркам ужо за 70 гадоў, аднак гэта не спыняе іх, каб актыўна рухацца, знаёміцца і добра бавіць час. Танцавальны сезон неўзабаве скончыцца і пажылым людзям патрэбнае новае месца для танцаў.

— У нас адна праблема: нам трэба знайсці дах над галавой узімку. У нас было ў «Галактыцы», але там перыядычна закрываюць, нас адпраўляюць.

—  Тут шмат чаго не хапае. Час трэба змяніць. Тут з трох да шасці — гэта як дзіцячы ранішнік. З медычнага гледзішча гэта няправільна: у спёку людзі млеюць. Ніхто не слухае: у гарвыканкаме пра гэта казалі, у аблвыканкаме. Цяпер мы просім, каб нам далі нейкую залю. Нам давалі «Галактыку», а потым зноў нешта незразумелае. У іх няма даходу ніякага ад нас.

— Калі нас гэтага пазбавяць, дык значыць і жыццё нібы заканчваецца, разумееце?  

 Танцы ў Пышках для сталых людзей у Гародні праводзяцца з 2006-га года.Танцавальную пляцоўку акультурылі  у мінулым годзе, аднак дагэтуль яна патрабуе многіх дапрацовак.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара