Першамай у Гародні



У Гародні мясцовыя ўлады супольна з дзяржаўнымі прафсаюзамі адзначылі дзень працы. Галоўныя мерапрыемствы прайшлі ў цэнтральным парку горада, дзе сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, навучальных установаў і чынавенства ўсіх узроўняў, якія на мітынгу ўшанавалі найлепшых работнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў. Творчыя калектывы зладзілі святочны канцэрт, адбылося адкрыццё сезона фантанаў, выставы ў “Горадзе майстроў” і шэраг іншых забаўляльных мерапрыемстваў, што, паводле гарадзенцаў, надало святочны веснавы настрой.

– Кіраўніцтва спераду, рабочыя, як гэта і павінна, за імі ззаду. Настрой добры, веснавы, уся прырода ажывае.

– Я заўсёды удзельнічала ў мерапрыемствах, прысвечаных Першамаю. Сёння, канешне, людзей менш, таму паехалі па сваіх справах. Але тым не менш ёсць цікавасць. Прыемнае свята.

Святкаванні Дня працы ў Гародні прайшлі і на іншых пляцоўках горада. У лесапарку “Пышкі” зладзілі бег цвярозасці і адкрыццё танцавальнага сезону для людзей сталага веку. А ў кінатэатры “Кастрычнік” адбыўся паказ дакументальных фільмаў, прысвечаных героям працы. Пра абарону правоў працоўных ні дзяржаўныя прафсаюзы, ні мясцовыя ўлады – не ўзгадвалі.

Беларускае Радыё Рацыя