У Беларусі з’явілася першая вясковая незалежная газета



У вёсцы Стаўры, што ў 12 км ад Оршы, стала выходзіць першая ў краіне вясковая незалежная газета. Называецца яна «Стаўроўская газета». І названая адмыслова ў альтэрнатыву вертыкальнай «Аршанскай газеце». Рыхтуецца ўжо пяты, калядны нумар, накладам 120 асобнікаў.

DSCF1138

Ініцыятар, выдавец, рэдактар – 50-гадовы мясцовы старэйшына, фермер, сябра партыі БХД, Ігар Грышанаў. Але гэта ўжо не першая гучная палітычная акцыя старэйшыны.

Я сустрэўся з Ігарам, каржакаватым, з шырокімі казацкімі вусамі мужчынам, калі жыхары паміраючай, як лічылася, вёскі сталі вядомымі на ўсю краіну пасля звароту да Аляксандра Лукашэнкі, дзе яны яго папярэдзілі: „Як вашы выбаршчыкі, звяртаем увагу на бяздзеянне мясцовых уладаў і дэпутатаў усіх узроўняў!  У нашай вёсцы на месцы ліквідаванай фермы і навакольнай тэрыторыі не апрацоўваецца зямля. За 5 гадаў 2,5 га зямлі, зараслі бур’янам, і толькі павялічваюцца, адсутнічаюць пад’ездныя шляхі да хатаў, 4 гады не ліквідуюцца аварыйныя дрэвы, што можа прывесьці да трагічных наступстваў. Наш давер да ўлады страчаны. Калі нашы праблемы не будуць бліжэйшым часам вырашаныя, мы не бачым мэтазгоднасці браць удзел у выбарах…”

DSCF1119

Ігар Грышанаў: Быў 41 подпіс – калектыўны зварот для таго, каб паказаць, што мы адзіныя і моцныя, калі разам з нашымі праблемамі! Увогуле, так і ўзнікла газета. Закрылі і разбурылі наш адзіны “очаг культуры” – вясковы клуб. Гэта быў і тутэйшы храм, дзе бабулі вышывалі старажытныя купальскія строі, маліліся, гатавалі ежу паводле старажытных рэцэптаў. Разбурылі брудна, ілжыва і незаконна, нахлусіўшы, што ён, нібы, пабудаваны ў 1935, а насамрэч – у 1987! Проста на цагляны капітальны будынак не было дакументаў: ані на зямлю, ані на памяшканні. Звяртаўся ў раённы, абласны суды. Але хто пойдзе супраць рашэння старшыні райвыканкама?! Некалькі жыхароў незалежна звярнуліся са скаргамі ў вертыкальную «Аршанскую газету». Іх адмовіліся друкаваць. Мы прыкінулі – а давайце самі ў сябе надрукуемся! Так на адным уздыху выйшлі чатыры нумары. Чорна-белыя бюлетэні, нічога больш, але ж свае! Па вёсцы не прайсці – спытваюць, калі наступны нумар. Некаторыя ўжо прыхавалі, каб паказваць дзецям і ўнукам.

Але грамадская ініцыятыва ў сённяшняй Беларусі караецца. Гэта добра разумее фермер і старэйшына Ігар Грышанаў:

Сплачваю падаткі – два зарэгістраваныя прадпрыемствы не так проста цягнуць аднаму. А яны, то зямлю не даюць у сельсавеце, то сістэматычна іх зачыняюць, бо «няма руху». Хоць напісаў заяву, што «рыхтую базу», усё адно: «Не. Абавязаны працаваць, купляй бюлетэні, хадзі на семінары». Галоўнае – выцыганіць з цябе апошнюю капейчыну! Я 4 гады як адкрыў фермерскую гаспадарку. У мяне ёсць 100 дрэваў у садзе, вінаград, белая, чырвоная суніца. Малінай пачаў займацца адразу ж. Я лічу, што гародніну і фрукты можам расціць самі, бо дазваляюць умовы – не перашкаджайце! І можам адмовіцца ад экспарту ў нашу краіну. Але ў нас ты паспрабуй купі камбайн, да цябе прыйдуць – дзе ты, бацька, грошы ўзяў? У Польшчы зямля прадаецца і купляецца, на Украіне, у Расеі, адны мы засталіся з гэтымі калгасамі. 2 гады таму ўзяў крэдыт пад 5 % у «Аграпрамбанку» – мне спадабалася ідэя аграсядзібы, што я магу – не курачы, ня п’ючы – нешта стварыць на сваёй Радзіме. У мяне могуць размясціцца 14 чалавек. Вельмі добрая лазня, саджалка з рыбай. Я даю ровары і людзі едуць на крыніцу Святога Пакутніка Панцеляймона – 23 км. Запачаткаваў музей, нейкія экспанаты ў мяне – ступа 18 стагоддзя, бо такія дрэвы не растуць цяпер, карыта прынесла цётка – 18 стагоддзе, яшчэ бабуля ў ім купалася…

 

Зноў пра агульнавясковыя справы.

 Быў агульны сход, дзе сельсавет з райсаветам былі катэгарычна супраць, каб мяне аднавяскоўцы выбралі старэйшынам. Матывавалі тым – не падайце з крэсла – што я, маўляў, не начую ў вёсцы! Аднавяскоўцы таксама парагаталі і… зноў абралі аднагалосна. Але дагэтуль сельсавет афіцыйна не ўключыў мяне ў «кандуітны спіс». І дае наверх справаздачы, што па чацвяргах, выконваючы загад вертыкалі, нібы, у Стаўры прыязджае “кіраваць” старшыня Бабінечаўскага сельсавета Марыя Мацвеева. Але як я магу падвесці тых, што вераць, спадзяюцца, звяртаюцца да мяне?!

Разам з Ігарам прыгадваем леташнія размовы з вяскоўцамі пра найбольш набалелае. У цэнтры паселішча, вакол прыехаўшай аўталаўкі, тады, акурат, тоўпіліся з паўтара дзесяткі жыхароў.

DSCF1110

Жыхары вёскі:

Па бруду вунь лазім па калена! Распаролі ўсё газам – канавы капалі, трэба боты зімовыя надзяваць… Каб па палетку трактарам праехалі – і дарога была б уся!.. І каб дрэвы аварыйныя палажылі!..

— А то й баршчавік ужо, метр восемдзесят корань у яго, летась ўзнік там, дзе магільнік, і ветрам разносіцца… Цяпер павялічыліся маштабы: укараняецца ў гароды і ад яго не пазбавіцца, бо хімічная апрацоўка не дзейнічае – „глушыць”, пажырае гародніну…

— Калі на рукі патрапляе сок баршчавіка, выходзяць пухіры, якія кепска зажыўляюцца…. Нават  ў рукавіцах небяспечна, а калі на твар патрапіць, апёк вялікі бывае…

РР: А старэйшына ці беражэ вас, любіце яго?

 Жыхары вёскі:

Добры старэйшына, дабіўся газу, але не дапамагаюць яму. У другі канец праехаць, не праедзеце…

— І працы няма – я, Людміла Батура, хацела б працаваць на свінакомплексе, бо мае бацькі ўтрымліваюць шмат свіней і кароў, а наша ферма распалася гадоў шэсць. Падыходзіла да кожнага начальніка – адмаўляюць!..

— У мяне хварэе муж на сухоты, дык групы і дапамогі яму не даюць: маўляў, на прадпрыемстве не працаваў… А на суседні комплекс, дык ня кожны можа туды ўлезці…

РР: А колькі ж зарабляюць людзі там у вас?!

Людміла Батура: Вельмі мала — паўтара – два мільёны, прыбіральшчыца мільён можа атрымліваць — капейкі…

Сяляне вядуць мяне на ўскраіну вёскі, дзе дарога ўся ў выбоінах ды калдобінах. Не магу і ўявіць, як тут можна не тое, што праехаць, прайсці ўвесну ці ўвосень слотай ці зімовай завеяй. Падыходзім да плакату на сухім дрэве, дзе пад купалаўскімі радкамі са «Спадчыны» цытата Лукашэнкі ад 23 траўня 2010: «Ня трэба крыўдзіць людзей, якія жывуць у сельскай мясцовасці». Дарэчы, сустрэча 8 раённых чыноўнікаў неяк была, але… з 9 стаўроўцамі, бо абвестку вывесілі толькі напярэдадні ўвечары…

DSCF1113

У часе нашага знаёмства Ігар Грышанаў паўтараў словы, якія, наколькі я зразумеў, ягоны жыццёвы маніфест: .

Ігар Грышанаў: Што такое вёска? Чыстае паветра, чысты прадукт. Гэта нашы карані! І калі мы пачнём іх падрубліваць, засохне лісце. А лісточкі – гэта гарадскія жыхары… Я з казацкага роду, мой прадзед быў атаманам, яны прыганялі катаржанаў у Оршу, а самі сяліліся ў тутэйшых прыгожых мясцінах. Ён быў простым чалавекам – і курачым, і п’ючым – але вельмі справядлівым. І гэта перадалося мне ў спадчыну…

РР: Ігар, менавіта таму ты ў аргкамітэт па стварэнні БХД увайшоў?

Ігар Грышанаў: Іхныя ідэі мне блізкія па духу. Мяне ж хрысцілі дзеля чагосьці. У нашай вёсцы жылі шляхцічы. І шляхта аб’ядноўвалася з казакамі — было змешванне культур. Яны аддалі самае дарагое, каб мы жылі — свае жыцці. А мы жыць ня можам! І якія прозвішчы ў нас: Сапега! Вось яна шляхта адкуль! Вёску Пуцяціна ў 47-м годзе ліквідавалі, калі стала ясна, што мужчыны не вярнуліся…

Між іншым, і ўласную фізічную сілу Ігар паказаў мне, калі, як пушынку, кідаў 30-кілаграмовую гіру.

DSCF1136

Зноў вяртаемся да спраў надзённых:

Ігар Грышанаў: Дарогу я такі «даціснуў». Узялі афіцыйна на баланс, асфальтам падсыпалі. Але самі дастаём пясок, ладзім суботнікі. Упершыню за 15 гадоў пасеялі азімыя. Галоўнае, падрыхтаваны 5 нумар «Стаўроўскай газеты». Там расповед пра Тамару Архіпаўну, дзявочае прозвішча Сапега. А ёсць і Каліноўскія, Дубаўцы! З 12 няп’ючых мужчынаў ствараем атрад дружыннікаў-самаабаронцаў, бо мясціны ў нас, ля Оршы, крымінальныя. Будуць там і калядныя віншаванні, вершы пра вёску, анекдоты. Чытайма разам!

Незалежную «Стаўроўскую праўду» плануюць выдаваць раз на месяц. Яе ўжо можна пачытаць і ў інтэрнэце на сайце orsha.eu.staurouskaya gazeta

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара, восень 2014 г.