Першы званок прагучаў у гарадзенскіх школах



Пад гукі гімну пачыналіся святочныя лінейкі ва ўсім горадзе. Дзеткі адорвалі кветкамі сваіх настаўнікаў і разыходзіліся па сваіх класных кабінетах. Першы ўрок праводзілі таксама настаўнікі беларускамоўных класаў, якія цяпер ёсць у чатырох гарадзенскіх школах.

Сярод іх – школа №34, дзе вучацца па-беларуску тры дзяўчынкі і адзін хлопчык. Яны перайшлі ў другі клас. А вось першы клас сёлета сабраць не атрымалася, хоць умовы для навучання былі вельмі добрыя. Кажа настаўніца Галіна Мікалаеўна:

– Паглядзіце, іх чацвёра, урок – 45 хвілін. Я кожнага магу папытаць па 30 разоў. А там дзе 30 вучняў і ўрок 45 хвілін, а ў першым класе – 35 хвілін увогуле, то па 1 хвіліне на чалавека, і то ці хопіць… А мы стараемся. Нас мала, але мы беларусы. І ганарымся, што завемся так.

Беларускамоўную групу першакласнікаў у гэтым годзе ўдалося сабраць толькі  сярэдняй школе №32, дзе сваё навучанне па-беларуску пачалі васьмёра дзетак.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтаркі