“Пілі ваду для кароў, пакуль не паскардзіліся галоўнаму санітарнаму ўрачу”



Многія жыхары вёскі Руміна Аршанскага раёна апынуліся ў пэўнай ізаляцыі ад цывілізацыі. Да Воршы адсюль менш за 10 кіламетраў, аднак не варта забываць — большасць мясцовых жыхароў пенсіянеры. Вяскоўцы ўжо некалькі гадоў вядуць актыўнае ліставанне з Бабініцкім сельсаветам і Аршанскім райвыканкамам з просьбай давесці да Руміна аўтобусны маршрут і правесці ў сярэдзіну вёскі калонку з вадой. Чыноўнікі толькі прысылаюць адпіскі і спасылаюцца на нормы.

У вёсцы Руміна дзейнічаюць два сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, аднак рабочыя аўтобусы — адзіны транспарт, які заходзіць у вёску. Вяскоўцы аўтобуса пазбаўленыя. За кіламетр адсюль знаходзіцца вёска Панізоўе, праз якую нярэдка ходзяць аўтобусы з Воршы, але Руміна досыць буйная вёска, таму многім жыхарам да прыпынку даводзіцца ісці па тры кіламетры і болей. Неабходнасць ездзіць у райцэнтр абумоўлена й прыпіскай жыхароў да шпіталя, які знаходзіцца ў раёне аршанскага ільнокамбіната. На просьбы зрабіць прыпынак у самім Руміна, фактычна павялічыць маршрут аўтобуса хаця б на 1 кіламетр, чыноўнікі пішуць лісты з адмовай. Матывуюць гэта тым, што, маўляў, істотна ўзрасце кошт праезду і кіламетраж маршруту. Акрамя таго, прыканцы верасня Аршанскі райвыканкам заявіў, што ў Руміна няма месца, каб паставіць прыпынак і дазволіць аўтобусам разварочвацца. Пры гэтым побач з сельгаспрадпрыемствамі любы транспарт разварочваецца без праблем.

Альтэрнатыва — чыгуначная станцыя “Руміна” на ўчастку Крычаў-Ворша. Але да яе ад вёскі трэба ісці паўз вялікае поле. У восеньска-зімовы перыяд, калі ў пенсіянераў актывізуюцца хваробы, дабрацца да чыгункі амаль нерэальна. У полі можна захраснуць у брудзе.

Большасць мясцовых жыхароў — пенсіянеры. Яны просяць улады арганізаваць хаця б адзін-два маршруты з Руміна ў Воршу за тыдзень, каб не даводзілася ісці праз некалькі кіламетраў у суседнюю вёску на прыпынак. Пакуль жа далёка трэба ісці нават да калонкі з вадой. У Руміна ёсць пара калонак, аднак яны знаходзяцца ў такіх месцах, да якіх большую частку года не дабрацца. “Мы ж жывем на паўночным усходзе Беларусі, у нас часта непагадзь, дажджы, снягі.” Вось так паход за вадой для звычайнага жыхара Руміна становіцца цэлым падарожжам з рызыкай. Абурэнне вяскоўцаў выклікае і тое, што ў суседнім Панізоўі ваду жыхарам правялі бясплатна, а ад іх патрабуюць за такую ж паслугу плаціць. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, у Руміна жывуць 267 чалавек. Змяншэння насельніцтва за апошнія гады не назіралася.

Рэгулярнае ліставанне жыхароў Руміна з рознымі інстанцыямі вельмі не падабаецца чыноўнікам з сельсавету і райвыканкаму. Пагрозы буйных штрафаў паступалі нават бездапаможным пенсіянерам, якіх больш за ўсіх непакояць адсутнасць аўтобуса і праблемы з вадой. Пенсіянеры запэўніваюць: ніякіх мітынгаў не хочуць, яны проста імкнуцца зрабіць умовы ўласнага жыцця чалавечымі і маюць права на выказванне сваіх думак.

У 21-м стагоддзі ў Беларусі застаюцца яшчэ дзясяткі вёсак накшталт Руміна, жыццё ў якіх мала адпавядае сучасным стандартам. І ўсё ж тут спадзяюцца, што пра вёску ўспомняць.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Руміна, Аршанскі раён