Пінск 1968 года



У сеціве з’явілася ўнікальная дакументальная стужка “Пінск – сталіца Палесся”, якую стварыў і агучыў першы беларускі кардынал Казімір Свёнтак. Фільм зняты паўстагоддзя таму. У ім кардынал распавядае гісторыю горада над Пінай і знаёміць гледачоў з прыродай Палесся.

Стужку адлічбаваў менскі рэжысёр Юры Гурулёў. На жаль, якасць не зусім добрая, але перадае каларыт Пінска. Трэба ўявіць, у якіх умовах кардынал рабіў здымкі і мантаж стужкі.

Барбара Шыманская, у якой кватэраваўся Свёнтак, адзначыла, што іерарх штодня вёў нататкі, а калі займаўся нейкай справай, то быў ёй апантаны:

– Ён быў вельмі камунікатыўны. Яго вельмі паважалі. Усё, што рабіў, ён запісваў. Разам абмяркоўвалі, што зрабіць і як. І калі штосьці рабілі, то яму непатрэбны былі абеды – нічога непатрэбна было: ён мусіў быць там, глядзець, як і што робіцца.

Усю фатаграфічную спадчыну Казіміра Свёнтка Барбара Шыманская перадала духавенству каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота: скрын з відэа