Пінск адзначае Дзень горада



Сталіца Палесся – Пінск, трэці дзень святкуе Дзень горада. Урачыстасці пачаліся з адкрыцця выстаў і літаратурных вечароў, у суботу народныя гулянні ахапілі ўсе мікрараёны горада. У гістарычным цэнтры прайшло тэатрэлізаванае шэсце “Палескі кірмаш” і вялікі святочны канцэрт, які завяршыўся салютам.

Дзень горада завяршаецца Міжнародным турнірам ветэранаў футболу прысвечаным 100-годдзю з’яўлення футболу ў Пінску.

Пінчане падзяліліся сваімі пажаданнямі:

– Працвітанне гораду. Каб у людзей была праца, каб яны былі здаровымі, бодрымі і вясёлымі.

– Каб работа была і здароўе. І ўсяго самага найлепшага.

– Каб наш горад застаўся такім жа прыгожым і працвітаў.

– Радуемся, што людзі прыйшлі сюды з улыбкамі. І вітаюць адзін аднаго, і вітаюць наш горад.

Афіцыйнай датай нараджэння Пінска лічыцца 5 лістапада 1097 году. Шэраг гісторыкаў і архелогаў перакананыя, што горад над Пінай, як мінімум заснаваны ў 1005 годзе, калі не пазней.

* * *

Пінск перажыў некалькі этапаў змен, а ў апошнія пяць гадоў каардынальна мяняе аблічча. Усё пачалося летась, з падрыхтоўкі да абласнога хлебаробчага фэсту “Дажынкі”, тады мясцовыя ўлады паабяцалі, што рэстаўрацыйныя працы ў цэнтры гораду працягнуцца яшчэ некалькі год.

Краязнаўца Эдуард Злобін адзначае, што ўзнікаюць некалькі пытанняў па рэстаўрацыі:

– Сама рэканструкцыя плошчы – урбанізаваная, сучасная. У гістарычным цэнтры наўрад ці трэба было рабіць такую рэканструкцыю. Яшчэ ў 80-х гадаў была прынята пастанова гарвыканкама пра наданне вуліцы Леніна пешаходнага статусу. Але дасёння гэта не выканана. І рэканструкцыя адбываецца толькі на нейкім адным участку.

Па захаванню гісторыка-архітэктурных пабудоў, вуліц, Пінск займае другое месца пасля Гародні. На думку краязнаўцы, цяпер гэтую пазіцыю магчыма аспрэчваць.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя