Польшча замаўляе рэкордную колькасць аўтаматаў



Польская дзяржава выдаткоўвае 350 млн злотых (каля 80 млн еўра) на пакупку 57 тысяч штурмавых вінтовак, перш за ўсё для ўзбраення войск Тэрытарыяльнай Абароны, паведаміў партал defence24.pl.

Зараз польская армія выкарыстоўвае штурмавую вінтоўку Beryl (kbs wz. 1996 Beryl) стандартнага для НАТА калібру 5,56 мм, якая мае ў аснове яшчэ аўтамат Калашнікава.

Раней Польшча ўжо замовіла каля 29 тысяч такіх аўтаматаў – такім чынам да канца 2019 году ўзброеныя фарміраванні атрымаюць прыкладна 86 тысяч адзінак аўтаматычнай стралковай зброі.

Значная частка новых вінтовак можа патрапіць у падраздзяленні Тэрытарыяльнай Абароны, якая ствараецца ў Польшчы пасля агрэсіі Масквы супраць Украіны ў 2014 годзе.

Таксама ў Польшчы ідуць дзяржаўныя выпрабаванні Модульнай сістэмы стралковай зброі (Modułowy Systema Broni Strzeleckiej), якая можа ў будучым стаць асновай стралковай моцы польскай пяхоты.

nn.by