Польскі тэлеканал у Беларусі ўзамен за абмежаванне „Белсату”?



Польскае выданне «Nasz Dziennik» паведаміла, што Менск гатовы пусціць у беларускія сеткі тэлевяшчання адзін з польскіх каналаў узамен за абмежаванне вяшчання беларускага незалежнага каналу.

43e01fcb-9a08-43cf-969c-65ad39099873_w987_r1_s

Фота belapan.com

Мне нічога невядома пра планы ліквідацыі Белсату і перамовы аб вяшчаньні польскага каналу ў Беларусі, адзначала нашаму радыё дырэктар беларускага незалежнага тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы:

— Упершыню за доўгія гады ў Беларусі публікуецца артыкул у Савецкай Беларусі на тэму незалежных беларускіх журналістаў, «Белсату» і мяне асабіста. І адначасова з гэтым у Польшчы з’яўляецца такая вось інфармацыя, не пацверджаная аніякай крыніцай, паводле якой нас маюць зліквідаваць. Я б звязвала гэта з кампаніяй, якую мы цяпер бачым у расейскіх СМІ на тэму Беларусі. Усё гэта разам стварае вельмі спецыфічную атмасферу. Я лічу, што гэта вельмі трывожнае спалучэнне дзеянняў, мэта якіх, як мне падаецца, правакацыя.

img_9838

«Ідэя гандлю «Белсатам» – ганебная», — адзначае старшыня камісіі па замежных справах польскага Сейма, Робэрт Тышкевіч. Польскі палітык прыгадвае, што польскія тэлеканалы прысутнічалі ў беларускім эфіры да 2005 года, калі з-за канфлікту вакол Саюзу палякаў у Беларусі, Менск у аднабаковым парадку адключыў іх трансляцыю.

— Сёння мы павінны дамагацца вяртання стану, які быў да 2005 года, як нармальнай сітуацыі і чагосьці, што пры нармальных добрасуседскіх належыцца. І для гэтага не патрэбныя аніякія дадатковыя ўступкі ці ахвяры з нашага боку, закрыццё нейкіх ініцыятываў, якія падтрымлівае Польшча, як напрыклад тэлеканал «Белсат». Гэта вельмі шкадлівая і ганебная ідэя: аддаць незалежны беларускі канал узамен за доступ да польскіх тэлеканалаў у Беларусі.

Польскі палітык адзначае, што ў Польшчы беларускія дзяржаўныя каналы прысутнічаюць у кабельных сетках паўсюль, дзе ёсць зацікаўленасць у іх. «У міждзяржаўных дачыненнях дзейнічае прынцып узаемнасці, таму гандаль «Белсатам» – беспадстаўны», — кажа Робэрт Тышкевіч.

10981736_450902215060888_8265623874374938588_n

«Польскі тэлеканал патрэбны польскай меншасці ў Беларусі, але не коштам «Белсату», — адзначыла старшыня Галоўнай Рады Саюза палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс:

— Тэлевізія «Палёнія» канцэнтруецца на польскай меншасці, а тэлеканал «Белсат» — гэта на сённяшні дзень адзіны беларускамоўны канал, які лама расейскую прапаганду. Я ўспрымаю гэта як правакацыю, бо тут сутыкаюць ілбамі беларусаў і палякаў. Прычым тут «Палёнія» за кошт «Белсату»? Гэта дзве розныя рэчы.   

У часе канфлікту вакол польскай меншасці ў Беларусі ў 2005 годзе беларускія ўлады спынілі вяшчанне польскага тэлебачання на тэрыторыі Беларусі. Афіцыйны Менск неаднаразова ў кулуарах вырашэнне праблемных пытанняў у польска-беларускіх дачыненнях звязваў са спыненнем падтрымкі Варшавай беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.

Акрамя таго, з моманту пачатку працы Радыё Рацыя і тэлеканала«Белсату», журналістам абодвух СМІ Беларускае МЗС паслядоўна адмаўляе ў акрэдытацыі.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя