Польскія айцішнікі стварылі віртуальны музей Чарнобыля



У Польшчы IT-кампанія Farm 51 распрацавала і праграмна рэалізавала віртуальную экскурсію па Чарнобыльскай зоне адчужэння. Праект Chernobyl VR Project запрацуе ў наступным месяцы, піша сайт дзяржагенцтва па кіраванні зонай адчужэння.

Ведамства падтрымала ініцыятыву польскай кампаніі, чыя ідэя палягала на тым, каб з дапамогай 3D-тэхналогій карыстальнікі маглі „пабываць” на аб’ектах Чарнобыльскай АЭС, перадае liga.net.

Для рэалізацыі праекта выкарыстоўваліся стэрэаскапічныя камеры і беспілотнікі.

https://www.youtube.com/watch?v=F0EHrVj9byE

Падчас такога „візіту” жадаючыя змогуць агледзець блокі ЧАЭС, пакінутыя шматпавярховікі Прыпяці, парк атракцыёнаў і іншыя структуры.

Таксама распрацоўшчыкі маюць намер рэалізаваць праект, дзе з дапамогай камп’ютарнай графікі можна будзе паказаць будучыню Чарнобыльскай зоны адчужэння.

26 красавіка 1986 года на 4-м энергаблоку ЧАЭС адбылося цеплавое разбурэнне актыўнай зоны рэактара, што прывяло да самай маштабнай радыяцыйнай аварыі ў гісторыі атамнай энергетыкі.