Попыт на ўкраінскамоўныя кнігі пераўзышоў расейскія



Ва Украіне попыт на ўкраінскамоўныя кнігі ўпершыню пераўзышоў попыт на расейскія. Пра гэта паведамляе ўкраінскае выданне Forbes.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Аналітыкі кніжнага рынку тлумачаць такую сітуацыю як мінімум трыма складнікамі.

Па-першае, чытанне папяровых кніг на роднай мове становіцца знакам паспяховасці і патрыятычнасці, асабліва ў моладзі. А попыт і дыктуе прапанову.

Па-другое, кніга, прывезеная ва Украіну з Расейскай Федэрацыі, каштуе ў кнігарнях амаль на 30% больш, чым аналагічнае па паліграфіі выданне ўкраінскай вытворчасці. Датаго ж, усе выданні дзяржаўнай мовай, якія выпускаюць украінскія выдавецтвы, не абкладаюцца падаткам на дадатковую вартасць.

Па-трэцяе, паспяховаму прасоўванню ўкраінскай літаратуры спрыяюць аператары кніжнага гандлю кшталту “Є”, а таксама агульнанацыянальныя кніжныя ярмаркі, кшталту “Кніжнага Арсенала” ў Кіеве ці “Кніжнага форума” ў Львове, прытым падтрымку дзяржавы атрымліваюць менавіта выдаўцы ўкраінскамоўнай прадукцыі.

У Беларусі беларускамоўная літаратура складае толькі каля 12 % ад агульнай колькасці.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя