„Пошуг” – чыноўнікам: Вы звольненыя!



У адным з падземных пераходаў Менска недалёка ад Палаца Незалежнасці актывісты „Пошуга” наляпілі плакаты, на якіх быў намаляваны Дом ураду, на фоне якога напісаны вытрымкі з Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама частае пытанне і пажаданне ад беларускага народа ў адрас ўрада – „А вы самі спраўляецеся са сваімі працоўнымі абавязкамі?” і „Вы звольненыя!”.

Найбольш актуальнай тэмай абмеркавання ў беларускім грамадстве з’яўляецца „Дэкрэт №3” больш вядомы, як „Падатак на дармаедства”, які па сваёй сутнасці цалкам носіць антыканстытуцыйны і антынародны характар. А галоўнае тое, што народ спрабуюць выставіць гультаямі і дурнямі тыя, хто за наш з вамі кошт і сядзіць у чынавенскіх кабінетах.

Тыя, хто забыліся, што яны з’яўляюцца толькі нанятымі народам работнікамі, і мы ў любы момант можам папрасіць іх вызваліць займаемыя пасады, у выпадку неадпаведнасці патрабаванням, якія мы ж ім і прад’яўляем. Чыноўнікі павінны пакінуць свае кабінеты, калі яны не спраўляюцца са сваімі абавязкамі.

За апошнія гады ўлада толькі і робіць, што здзекуецца з нас:

– Падвысіўся пенсійны ўзрост. Стаж для выхаду на пенсію павялічылі, не улічваючы час, які страцілі даглядаючы дзетак, вучобу і службу ў войску.

– Адсутнасць плюралізму прывяло да відавочнага палітычнага крызісу.

– Бюджэт папаўняецца за кошт штрафаў, пакаранняў, канфіскацыяў, парушэнняў правоў уласнасці. Пачварны „Падатак на дармаедства” стаў апагеем урадавага глупства. Штрафы спрабуюць спагнаць нават з мёртвых, што само па сабе абсурд.

Як паведаміў на брыфінгу ў Гомельскім аблвыканкаме начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Валянцін Макарэвіч, з 1 ліпеня можа пачацца вопіс маёмасці ў тых, хто не заплаціў падатак за „дармаедства”. У мёртвых, напэўна, пачнуць адбіраць труны! Ўсе рашэнні ўрада былі накіраваны супраць людзей.

Запытайцеся ў сябе, за чый рахунак чыноўнікі будуюць сабе палацы і рэзідэнцыі, лётаюць па краіне на верталётах і самалётах, адпраўляюць сваіх дзяцей-гультаёў у вандроўкі? За чый рахунак самаабвешчаная эліта адрадзіла прыгоннае права і каму закінулі ярмо на шыю, каб высмоктваць для свайго багемнага ладу жыцця апошнія кроплі крыві з народу?

Ці не час зразумець, што час феадалаў і царкоў прайшоў, ці не пара нагадаць ім што здараецца з нягоднікамі, каторыя „зажэрліся”?

Змагайся за свае правы!

 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота vk.com/psh_soc