Пра малы памежны рух распавядалі на беларуска-літоўскай мяжы



Актывісты кампаніі “За малы памежны рух” 30 лістапада наведалі беларуска-літоўскія памежныя пераходы Райгардас – Прывалка і Мядзінінкай -Каменны Лог. Там яны распавядалі пра перавагі бязвізавага рэжыму. Раней раздача інфармацыйных улётак адбылася на памежных пераходах у Кузніцы ды Баброўніках. Старшыня Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк адзначае, што не ведае, хто супраць адкрыцця памежнага руху Беларусі з Польшчай:

– Ёсць людзі, для якіх гэта абыякава, перадусім гэта тыя, якія маюць карту паляка і ў сувязі з гэтым маюць сталую візу ў Польшчу, якую можна аднавіць у любы час. Што тычыцца беларусаў, якія не маюць карты паляка, а гэта ўсё ж такі большасць беларусаў, бо дагэтуль выдадзена толькі 150 тысяч карт, жыхары Гарадзенскай, Берасцейскай вобласці – гэта 920 тысяч жыхароў, якія мелі б права ў выпадку старту дамовы аб малым памежным руху карыстацца з магчымасцяў атрымаць вось гэтую карту перасячэння мяжы ў рамках малога памежнага руху.

Алесь Зарэмбюк таксама адзначае, што вынікі апытання паказваюць – інфармаванасць насельніцтва пра малы памежны рух палепшылася. Ён таксама прапануе афіцыйнаму Менску пачаць разам з палякамі ды літоўцамі шукаць грошы на мадэрнізацыю памежных пераходаў, каб у выніку забяспечыць жыхарам памежжа магчымасць культурных, турыстычных, бізнэсовых і сямейных кантактаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя