Прадпрымальнікі Гародні: Мы супраць дыктатуры!



У Гародні адбыўся стыхійны мітынг прадпрымальнікаў. Больш за 200 прадстаўнікоў дробнага бізнесу сабраліся каля гарвыканкама, каб выказаць пратэст уладам у сувязі з немагчымасцю ажыццяўляць сваю дзейнасць.

mityng1

Пачынаючы з новага года больш за 90% прадпрымальнікаў горада пазбаўленыя працы ў сувязі з новым заканадаўствам, якое прадугледжвае сертыфікацыю тавара і наяўнасць дакумантаў аб яго паходжанні.

mityng3

Старшыня Гарадзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой выслухаў незадаволеных бізнесоўцаў, але дапамогу не абяцаў:

– Падатковая інспекцыя – гэта рэспубліканскі орган, і ён прымае рашэнні.

Прадпрымальнікі: З падатковай ясна, а вось дзяржстандарт – гэта ваша прэрагатыва?

Мечыслаў Гой: Не.

Прадпрымальнікі: То як нам працаваць? Да каго звяртацца?

Мечыслаў Гой: Я вас пачуў.

Прадпрымальнікі: Выступіце з ініцыятывай, напішыце яму, што вы сёння прысутнічалі на сходзе прадпрымальнікаў, дзе агучваліся пакуль не палітычныя, а выключна эканамічныя патрабаванні. Галоўнае – занятасць, калі немагчыма працаваць на рынку, дайце нам працу. Мы хочам працаваць. Такая колькасць народу не мусіць быць свабоднай, яна мусіць працаваць, а не збірацца, ствараць брыгады, каб пасля быў бандытызм.

Несанкцыянаваны мітынг гарадзенскіх прадпрымальнікаў – першая пратэстная акцыя ў цэнтры горада. Да гэтага часу дробныя бізнесоўцы сустракаліся з чынавенствам на рынках горада ці за зачыненымі дзьвярыма. Арганізатары акцыі плануюць пашырыць пратэстны рух і маюць намер правесці чарговы несанкцыянаваны мітынг  праз тыдзень, 22 лютага а 12 гадзіне на плошчы Леніна.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня