Прадстаўнікі БХД перадалі ў Менгарвыканкам 400 подпісаў за чыстую ваду



Прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі перадалі ў Менскі гарвыканакам зварот „За чыстую ваду ў Менску”, пад якім стаяць подпісы больш чым 400 жыхароў некалькіх раёнаў гораду. Дакумент у Менгарвыканкам прынеслі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі і кіраўнік гарадской арганізацыі гэтай ствараемай партыі Вольга Кавалькова.

1478171012_image1-1

„Жыхары 3 раёнаў беларускай сталіцы – Фрунзенскага, Маскоўскага і Кастрычніцкага – вымушаны піць вельмі няякасную ваду,” – кажа Вольга Кавалькова.

– Перадалі галоўнаму спецыялісту аддзела па працы з грамадзянамі каля 400 подпісаў. Праз 10 хвілін яна паабяцала, што перадасць іх старшыні выканкама. Таксама прынеслі пітную ваду з гэтых раёнаў, якая вельмі пахла хлорам, каб нашы чыноўнікі паспрабавалі тое, што п’юць каля 40% жыхароў Менску, бо дагэтуль праблема пітной вады не вырашана.

Таксама прадстаўнікі Менгарвыканкама былі запрошаны на круглы стол па гэтай праблеме. Мерапыемства плануецца правесці 10 лістапада па сумеснай ініцыятыве БХД і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, – паведаміла Вольга Кавалькова. Яна выказала спадзяванне, што сумеснымі намаганнямі сітуацыя з праблемай пераводу Менску на якасную пітную ваду зрушыцца з мёртвай кропкі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота bchd.info