Прафсаюз РЭП cупраць прымусовай дзіцячай працы



Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці мае намер спыніць практыку выкарыстання прымусовай дзіцячай працы на сельскагаспадарчых працах. З гэтай мэтай прававыя інспектары прафсаюза РЭП удзельнічаюць у рэзананснай справе гібелі дзяўчынкі-падлетка з Маладэчна падчас збору бульбы. Прафсаюзны актывіст Андрэй Стрыжак прысутнічае на судовым працэсе, у межах якога бацька загінулай Вікторыі Папчэні спрабуе дабіцца прызнання факта незаконных працоўных адносін паміж непаўналетняй і таварыствам „Усход-Агра”.

– Пракурор, які прысутнічае на працэсе, задае пытанні, якія вельмі добра высвятляюць сітуацыю з таго боку, што працоўныя адносіны ўсё ж такі былі. Можна сказаць, што гэта наш нібыта саюзнік. Адносіны да пытанняў усіх астатніх бакоў, акрамя ўласна сельгаспрадпрыемства,  – як суд вырашыць. Упраўленне адукацыі прызнала ў сваім расследаванні, што гэта быў факт працоўных адносін. Таму шанцы ёсць.

Праблема выкарыстання дзіцячай працы ў Беларусі актуалізавалася пасля трагічнага здарэння ў Маладэчанскім раёне ў верасні гэтага года. На калгасным полі сельгаспрадпрыемства „Усход-Агра” падчас збору бульбы грузавік наехаў на 13-гадовую Вікторыю Папчэню. У выніку атрыманых траўмаў дзяўчынка загінула на месцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота zvezdakomi.ru