Прайшлі “Спораўскія сенакосы”



На выходных прайшоў экалагічны фэст “Спораўскія сенакосы”. Ён праводзіцца дзясяты раз у Бярозаўскім раёне ў Спораўскім заказніку, якому споўнілася сёлета 25гадоў. Фэст прыйшоўся даспадобы тым, каму цікава вярнуцца да сваёй сялянскай сутнасці ў спаборніцтвах па сенакашэнні і футболе на балоце, кажуць удзельнікі спаборніцтваў:

Цяпер жа ўсе косяць бензапіламі. Тых жа жучкоў ды павучкоў усё ганяюць. А я вось касой пазбіваю траву на падворку, і яна зноў прыгожанькая і зялёненькая.

– Каса – гэта здароўе. Я ранкам а 4 гадзіне ўстану, пайду пакашу 2 гадзіны, а пасля, вярнуўшыся дахаты, і апетыт звярыны, і сілу ды здароўе адчуваю.

Наведвальнікі фестывалю змаглі паглядзець на тэхніку для працы на балоце, закупленую нядаўна з дапамогай Еўразвяза. Па словах міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Калхуты, фэст стаў не толькі спаборніцтвам, але і данінай беларускім традыцыям, нашым продкам, што захавалі гэтае прыгожае месца:

– Для таго, каб мы з вамі маглі сёння любавацца гэтымі абшарамі, мы таксама павінны прыкласці свае намаганні да таго, каб гэтая прырода захавалася.

Не абышоўся фэст і без прац беларускіх майстроў: ад мёду і кошыкаў да ручнікоў і строяў.

Беларускае Радыё Рацыя