Пракуратура: Ніякай блакіроўкі дома Алеся Меха не было



„З 22 па 26 сакавіка ля дома грамадскага актывіста Алеся Меха і ў яго мікрараёне кобрыньская міліцыя праводзіла прафілактычныя меры па недапушчэнні скрадання маёмасці грамадзян. У сувязі з гэтым выстаўляліся мабільныя нарады міліцыі ў мікрараёне. Ніякай блакіроўкі дома Алеся Меха не было”.

Такі адказ атрымаў Мех з пракуратуры Кобрыньскага раёна, куды накіроўваў запыт, чаму блакаваўся яго дом 5 дзён.

 “Адказ пракуратуры – гэта здзек”, – кажа Алесь Мех.

– А што яны могуць адказаць, калі самі парушаюць закон. Пракуратура з’яўляецца часткай той рэпрэсіўнай сістэмы, што дзейнічае ў краіне Беларусь.

Алесь Мех лічыць, што задоўга перад 25 сакавіка дом і пад’езды да яго дому блакавала міліцыя і людзі ў цывільным, каб не дапусціць яго на акцыю ў Менск. Пасля 26-га сакавіка Меха ўсё роўна затрымалі і арыштавалі на 7 сутак за тое, што 15 сакавіка гаварыў з кобрынцамі  бліжэй чым 50 метраў ад раённага выканаўчага камітэта.

Беларускае Радыё Рацыя