Пракуратура ўслед за міліцыяй не пабачыла крыміналу ў абразе журналіста



Па факце абразы не толькі журналіста-фрылансера, але і яго сям’і, крымінальную справу не пачалі. Міліцыя і пракуратура па-просту не знайшлі вінаватых.

На адным з “дзіўных сайтаў” за апошні час з’явілася шмат абразлівых і паклёпніцкіх артыкулаў на адрас гарадзенскіх актывістаў і журналістаў. Адзін з тых, на каго скіраваныя гэтыя пасквілі – Андрэй Мялешка – вырашыў не замоўчваць такія факты і падаў адпаведную заяву спачатку ў міліцыю, пазней – у пракуратуру.

22_n

“Асноўнае, чаму я вырашыў змагацца, гэта тое, што там абражаныя гонар і годнасць маёй сям’і – жонкі і бацькоў, а таксама маіх калег па працы”, – кажа Андрэй. Агулам на паклёпніцкім сайце з’явіліся тры матэрыялы пра яго.

У апошнім матэрыяле, які з’явіўся прыкладна месяц таму, пішуць, што я журналіст-фрылансер Беларускага Радыё Рацыя, і што я ўвогуле не маю права называцца журналістам, і потым пачынаецца паліванне брудам маёй сям’і. Я падаваў заяву ў міліцыю яшчэ ў жніўні, прыйшла адмова, і мы падалі заяву ў пракуратуру. Гарадзенская пракуратура праводзіла праверку, каб вырашыць, ці з’яўляецца паклёпам і крымінальным злачынствам непраўдзівая інфармацыя, размешчаная на тым сайце. У выніку пракуратура адмовіла ў распачацці крымінальнай справы.

Раней, прыгадаем, і міліцыя Кастрычніцкага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў адмовіла журналісту ў пачацці крымінальнай справы па артыкуле “паклёп”. У адмове гаварылася пра тое, што змест артыкулаў фармальна мае прыкметы паклёпу (арт. 188 КК РБ), аднак не высветленая мэта, з якой нехта гэта зрабіў. Таксама праваахоўнікі не выявілі адміністратара сайту, паслугі хостынгу якому аказвае расейская кампанія ў Санкт-Пецярбургу.

РР: Якая аргументацыя гучыць у адказе пракуратуры?

Аргументацыя распісаная на трох аркушах паперы: падрабязнасці майго запыту і апісанне таго, што рабілі міліцыянты. А міліцыянты даведаліся, дзе даменная імя сайту знаходзіцца, хто быў адміністратарам старонак вКонтакте, прывязаных да гэтага сайту. Былі апытаныя пэўныя людзі, указаныя іх прозвішчы. І праваахоўнікі ў выніку прыйшлі да высновы, што гэтыя людзі ніякага дачынення да гэтага сайту не маюць.

РР: То бок міліцыянты проста не знайшлі вінаватых?

Так, выходзіць міліцыянты не знайшлі вінаватых, і таму справу не пачалі. Буду далей раіцца з юрыстамі БАЖу, і хочам давесці справу да выніку. На працягу двух месяцаў людзей, прывязаных да гэтага сайту, апытваюць, але адказу, які мяне задавальняе, надалей няма.

Падобныя паклёпы на журналістаў ужо былі ў Берасці, Магілёве і Гомелі, а таксама на шэраг гарадзенскіх журналістаў. Пакуль атрымліваецца, што ў Гародні Андрэй – адзіны, хто вырашыў з гэтым змагацца.

Адметна, што сайт, на якім размешчаныя паклёпніцкія матэрыялы, ужо ад пэўнага часу не адкрываецца. Андрэй Мялешка кажа, што не адмовіцца ад далейшых крокаў па выяўленні адказных за паклёпы.

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя