Пераслед за ўскладанне кветак да помніка Яну Чачоту (абноўлена)



На старшыню ТБМ у Баранавічах Мікалая Падгайскага складзены пратакол-апытанне адносна ўскладання кветак да помніка Яна Чачота і фэсту ў гонар Чачота, які прайшоў у Русіно. Апытанне праводзіў намеснік начальніка Баранавіцкага РАУС Леў Лопух. Раней міліцыя ўжо пагутарыла з мясцовымі жыхарамі пра ўскладанне кветак да помніка. Расказвае Мікалай Падгайскі:

– Я запытаўся, чаму ўвогуле пачалі гэтае расследаванне. Ён паказвае мне раздрукаваную старонку з інтэрнэта. Усё там напісана праўдзіва. А яму падавалася, што там ёсць нейкая крамола. На што я адказаў, што тут жа усё законна. Але ён сказаў, што ёсць недакладнасці і папрасіў скінуць план нашай працы.

У мінулыя выходныя баранавіцкія актывісты ўшанавалі памяць беларускага паэта Яна Чачота. Як толькі інфармацыя пра гэта з’явілася ў інтэрнэце, на аднаго з удзельнікаў – Міхася Берната – склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства.

* * *

Свіслацкая гісторыя наконт пакарання за ўскладанне кветак ля помніка каліноўцаў паўтараецца ў Баранавічах.

Як толькі матэрыял пра ўшанаванне баранавіцкімі актывістамі беларускага паэта Яна Чачота з’явіўся ў інтэрнэце, да былога стваральніка і дырэктара этнаграфічнага музея Міхася Берната з’явіўся маёр міліцыі Ігар Цівунчык. Ён склаў пратакол на Берната за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства.

Гаворыць Міхась Бернат:

– Вы хоць радаваліся б, што замест смецця кветкі паставілі, радавалі б, што людзі яшчэ нешта ў душы маюць і шануюць сваіх паэтаў, пісьменнікаў, сваіх дзеячоў. Гэта ж цудоўна. Гэта ж не супраць улады, краіны. Гэта як раз тое, што павінна яднаць людзей.

Умяшанне ў культурніцкае жыццё беларусаў старшыня Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі лічыць вынікам наступу „рускага свету”:

– Гэта акупацыя “рускім светам” нашай краіны. Каб не даць беларусам ушанаваць памяць чалавека, які, можна сказаць, адзін з заснавальнікаў нашай дзяржаўнасці, нашай нацыі. Гэта вышэйшай ступені дзікунства.

Паводле старшыні руху “За свабоду” ў Баранавічах Уладзіміра Гундара, з гэтай нагоды актывісты запісаліся на прыём да старшыні гарадскога выканаўчага камітэта 13 ліпеня.

Беларускае Радыё Рацыя