Пратэсты супраць Дэкрэта №3 працягваюцца



Дармаедскі дэкрэт – замарожаны, але не гэтага дамагаліся людзі на вуліцах. У Беларусі далей працягваюцца пратэсты супраць дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Хоць Аляксандр Лукашэнка і загадаў яго дапрацаваць. Аказалася, не спрацавалі мясцовыя ўлады і рэалізацыя дэкрэта лягла на плечы падатковых органаў, паведамленні аб неабходнасці выплаціць збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў часам атрымлівалі людзі, з якіх ён і не павінен быў спаганяцца, – тлумачаць чыноўнікі.

«Вулічныя пратэсты прымусілі чыноўнікаў варушыцца», – каментуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

– Безумоўна, можна было б павіншаваць, падзякаваць тым людзям, якія стварылі гэтае напружанне для ўладаў, і пад гэтым прымусам яны павінны нешта рабіць. Назваць гэта цалкам перамогай я пакуль не спяшаўся б.

Не спяшаецца казаць пра перамогу і актывіст прафсаюзу РЭП і блогер Андрэй Стрыжак, які падкрэслівае, што дэкрэт у любы момант вернецца, таму на пратэстах трэба дамагацца яго адмены:

– Асабіста я прагназую, што 15 і 25 сакавіка мітынгі адбудуцца. Будуць яны даволі шматлюднымі. Вельмі спадзяюся на тое, што тыя мітынгі, якія запланаваныя ў рэгіёнах, нягледзячы на тое, што ўлада вельмі моцна зараз выключае з працэсаў тых грамадскіх актывістаў, якія задзейнічаны ў іх. І я заклікаю ўсіх да актыўнай пазіцыі ў гэтай сітуацыі. Дэкрэт не адменены. Дэкрэт у любы момант можа ўдарыць па кожнай сям’і ў Беларусі.

Сёння, 10 сакавіка, на пратэст збіраюцца ў Маладэчне. 11 сакавіка – ў Пінску, а 12-га – ў Бабруйску, Воршы і Рагачове.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя