Працэсія Божага Цела ў Менску



У сталіцы Беларусі праходзіць працэсія ў гонар каталіцкага Свята Божага Цела. Урачыстасці пачаліся са Святой Імшы ля касцёла Святой Тройцы на Залатой Горцы. Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас казання зазначыў, што публічнае вызнаванне веры – гэта адказ на выклікі сэкулярызаванага свету:

Мы сабраліся тут, на гэтай Залатой Горцы, каб прайсці па вуліцах нашага горада і паказаць, што мы можам супрацьстаяць выклікам нашага часу. Мы можам сказаць, што мы хрысціяне, і хочам жыць па-хрысціянску, хочам праслаўляць Бога.

З Залатой Горкі працэсія рушыла на праспект Незалежнасці.

2016-05-29_zavalnia_pracesija_fota (9)

Як і штогод, удзел прымаюць тысячы вернікаў:

Прыйшлі аддаць пашану Езусу Хрысту. І мы вельмі рады, што ёсць такое свята ў Менску, што выйшла столькі вернікаў, каб паказаць сваю веру.

– Я каталік. І гэтае свята для мяне вельмі вялікае. Ушанаванне Божага Цела я лічу важнай падзеяй у маім жыцці.

– Я кожны год хаджу на працэсію Божага Цела. Божы Дух асвячае наш горад. І ўсе мы ў гэтым прымаем удзел.

Працэсія мае свае стацыі на Плошчах Перамогі і Кастрычніцкай, а таксама ля Чырвонага Касцёла. Урачыстасці завершацца набажэнствам ля катэдры на Плошчы Свабоды.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара