У працэсе над Мікалаем Бельчуком – “суцэльны падман?”



Пакаранне двума месяцамі арышту Мікалая Бельчука падобна на “суцэльны падман”. Такую думку выказвае пераважная большасць людзей з ліку сваякоў і праваабаронцаў, якія цягам некалькіх дзён сачылі за працэсам над “галадаючым фермерам” і зараз падводзяць вынікі сваіх назіранняў:

– Няма ў нас ніякага правасуддзя. Усё заранёў спланавана. 

2 снежня суддзя Суда Берасцейскага раёна Павел Главацкі цалкам задаволіў прапанову пракурора Ірыны Марэйкі асудзіць фермера на два месяцы арышта за “гвалт у дачыненні” супрацоўніка ДАІ Сяргея Неліповіча. “Справа як і прысуд – „шытыя белымі ніткамі”, – прыйшлі да высновы праваабаронцы прысутныя ў судзе.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле. 

* * *

Прысуд у дачыненні да маларыцкага фермера Мікалая Бельчука, які трымае галадоўку ў знак пратэсту супраць дзеянняў міліцыі, пракуратуры і судовых ораганаў, абвешчаны. Суддзя суда Берасцейскага раёна Павел Главацкі даў роўна столькі, колькі запрасіла пракурор Ірына Марэйка – 2 месяцы арышту за гвалт у дачыненні супрацоўніка ДАІ Сяргея Неліповіча. Аднак з улікам таго, што Бяльчук адсядзеў у СІЗА, фермер выйдзе на волю праз 10 дзён.

s-20161202_162232

Каментуе Іван Бяльчук, бацька асуджанага:

– Несправядлівы суд. Абвінавацілі невінаватага чалавека, пасадзілі на два месяцы. У яго слабое здароўе, ён жа галадае, страціў 18 кілаграмаў. Яго перавялі ў рэанімацыю, але там яго толькі абследавалі, нават не лячылі.

Сваякі незадаволеныя выракам і збіраюцца абскарджваць рашэнне суда ў вышэйшых інстанцыях. Таксама, згодна з тым, што прысуд ужо абвешчаны, у бліжэйшыя дні яны збіраюцца на спатканне з Мікалаем.

Вырак і хаду працэса пракаментаваў праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Рашэнне суда прадказальнае. Шчыра кажучы тое, што пракурор запрасіў два месяцы, я асабіста ўспрыняў як прызнанне нашай сістэмай таго, што Мікалай Бяльчук невінаваты. Калі б сапраўды віна была даказана, ён бы атрымаў значна больш. А ў дадзеным выпадку чалавек адбыў амаль два месяцы ў турме, адгаладаў больш за месяц і зараз трэба дзён 10, каб яго давесці да нармальнага ладу.

Мікалай Бяльчук трымаў і працягвае трымаць галадоўку ў знак пратэсту супраць дзеянняў міліцыі, якія разам з пракуратурай абвінавацілі яго ў тым, што ён 9 траўня 2014 года на сваім падворку ўдарыў ДАІшніка Неліповіча. Той спрабаваў канфіскаваць самаробны трактар сям’і Бельчукоў у вёсцы Страдзеч. Усе сведкі з боку асуджанага не бачылі, каб фермер біў міліцыянта, а з боку міліцыі не бачылі моманта канфлікта. Аднак суд прыняў рашэнне ўсё ж асудзіць Мікалая. Ён павінен выйсці на волю 11 снежня.

img_20161202_155644

img_20161202_161049

* * *

2 снежня ў 11:00 працягнулася паседжанне па справе фермера Мікалая Бельчука. У судзе адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурор Ірына Марэйка запрасіла для падсуднага 2 месяцы арышту, адвакаты ж фермера сцвярджаюць, што яго віна не даказана. Іван Бяльчук, бацька Мікалая, пакуль не дае ніякіх прагнозаў:

– Хто яго ведае, які тут настрой. Незадаволеныя. Пракурор просіць 2 месяцы. Мікалай ужо 18 кілаграмаў страціў, цяпер важыць 55.

На паседжанні, як і раней, прысутнічае некалькі дзясяткаў сваякоў Мікалая Бельчука, а таксама праваабаронцы. Суддзя суда Берасцейскага раёна Павел Главацкі абвясціў перапынак да 16-й гадзіны.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара