Працягваецца пераслед удзельнікаў акцыі памяці ў Свіслачы



Працягваецца пераслед удзельнікаў акцыі ўшанавання памяці братоў Каліноўскіх у Свіслачы.

Так, для дачы сведчанняў быў запрошаны чарговы яе ўдзельнік – сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак з Бярозаўкі. Грамадскі актывіст адмовіўся даваць паказанні і падпісваць пратакол, складзены свіслацкімі міліцянтамі таму, што не лічыць удзел у падобных мерапрыемствах правапарушэннем:

– Улады змянілі тактыку і замест затрыманняў працягваюць ціснуць на ўдзельнікаў акцый іншым чынам. Цягам усёй акцыі ў Свіслачы нас здымалі на відэа. Мы ж не злачынцы! Беларусы прыйшлі, каб ушанаваць нацыянальных герояў. І я не бачу нічога кепскага ва ўдзеле ў такім мерапрыемстве.

Па словах Вітольда Ашурка, міліцыянт яму паведаміў, што агулам заведзена каля 40 адмінстрацыйных спраў па факце ўдзелу ў акцыі памяці ў Свіслачы.

SAMSUNG DIGIMAX A403

Вітольд Ашурак стаіць са сцягам у камуфляжнай форме

Сам актывіст неаднойчы прыцягваўся да адказнасці за ўдзел у мінулагодніх акцыях у Свіслачы. Некалькі разоў яму прыйшлося сплаціць штраф, а аднойчы нават быў прысуджаны да 3 сутах арышту.

Беларускае Радыё Рацыя