Праваабарончая каманда «Human Constanta» шукае валанцёраў у Берасці



Праваабарончая каманда «Human Constanta» шукае валанцёраў у Берасці для назірання за сітуацыяй з чачэнцамі, якія спрабуюць трапіць у Польшчу праз пункт пропуску Брэст-Тэрэспаль. Праваабаронцы прыехалі ў горад над Бугам, каб суправадзіць адзін з цягнікоў да польскай мяжы, – кажа адзін з валанцёраў Вячаслаў:

Мы збіраемся паглядзець як гэта адбываецца, што кажуць людзям, як да іх ставяцца, чым мы можам ім дапамагчы, у чым насамрэч сутнасць праблемы. Мы шукаем валанцёраў, якія могуць дапамагчы нам. Вы можаце знайсці ў Фэйсбуку групу «Human Constanta» і напісаць нам там. Валанцёрам трэба будзе дапамагаць з апытаннямі, зборам інфармацыі і кансультаваннем людзей.

«Human Constanta» працуе ў сферы абароны правоў уцекачоў і мігрантаў. У Берасці, акрамя суправаджэння цягніка, яны дапамагаюць чачэнцам абскарджаваць тое, што польскі бок адмаўляецца іх прымаць у якасці асобаў, якія патрабуюць міжнароднай абароны.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце