Праваабаронца не атрымаў адкаказу, чаму яго залічылі ў «экстрэмісты»



Леанід Судаленка не змог дабіцца ад генеральнага пракурора адказу, на якой падставе памежныя службы залічылі яго ў „экстрэмісты”. Гомельскі праваабаронца пасля некалькіх сітуацый, калі яго беспадстаўна здымалі з цягніка і адпраўлялі на прымусовы дагляд падчас перасячэння мяжы, прайшоў усе ступені судовай абароны ў Беларусі. Не дапамаглі разабрацца ў сітуацыі і звароты ў пракуратуру.

– Я ад генеральнага пракурора атрымаў ліст, дзе паведамляецца, што былі падставы адпраўляць мяне на дагляд. Нават людзям, якія здзяйсняюць крымінальныя злачынствы даюць пэўны тэрмін, а пасля яны лічацца невінаватымі. А ў маім выпадку так атрымліваецца, што цягам усяго жыцця я з’яўляюся экстрэмістам, і ў любы момант мяне могуць зняць з цягніка.

Цягам 2015 года ў Леаніда Судаленкі неаднойчы ўзнікалі праблемы пры перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы. 25 жніўня 2015 года памежнікі з ужываннем сілы знялі праваабаронцу з цягніка. У службовых запісках, якімі кіраваліся памежнікі і мытнікі ў дачыненні да Леаніда Судаленкі, маецца пісьмовае ўказанне аб пошуку электронных носьбітаў на прадмет наяўнасці інфармацыі экстрэмісцкага зместу.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель