Праваабаронцы падсумоўваюць вынікі сваёй працы



Праваабаронцы падсумоўваюць вынікі сваёй працы. Ім за гэтыя 20 гадоў прыйшлося шмат перажыць, ахвяруючы здароўем, часам і нават воляй. Рэжым не даруе праваабаронцам абароны правоў тых людзей, чые правы ён парушае, кажа праваабаронца з Берасцейшчыны Уладзімір Малей:

— Ходзячы па вуліцах прыходзіцца азірацца: ці не сочаць за табой? У 95-м быў складзены першы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, нас не аднойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту на 15 сутак. На жаль, пасля гэтай адсідкі пачаліся непрыемнасці са здароўем.

Уладзімір Малей ужо 19 гадоў аказвае людзям юрыдычную дапамогу. Ён лічыць, што дзейнасць праваабаронцаў у грамадстве неабходна. Праваабаронцы  даюць бясплатную кваліфікаваную кансультацыю, вызначаюць план дзеянняў пацярпелым пры абароне іх правоў, аказваюць дапамогу пры падборы найбольш прафесійных адвакатаў.

Нягледзячы на 66-гадовы ўзрост, Малей пакуль не збіраецца пакідаць сваю дзейнасць. Кажа, што не можа спакойна глядзець на бязладдзе вакол нас.

Цалкам гутарку з Уладзімірам Малеем слухайце ў далучаным аўдыёфайле.

Беларускае Радыё Рацыя