Правакацыя супраць незалежнай назіральніцы



На ўчастку № 331 па Ясенінскай акрузе незалежная назіральніца нібыта падставіла падножку даверанай асобе праўладнага кандыдата. У выніку назіральніцу выдалілі з участка. Ёй пагражае адміністрацыйная адказнасць. Міліцыя вядзе разбіральніцтва. Гаворыць сведка гэтага выпадку, назіральніца ад Беларускага Хельсінкскага камітэту Валянціна Свяцкая:

– Гэта адбылося вельмі хутка. Больш за тое, калі ён пачаў крычаць, што „я давераная асоба дэпутата Палаты прадстаўнікоў Гайдук”, мужчына, які зрабіў яму заўвагу, што той сам зачапіўся і ніхто яму падножку не рабіў, не вытрымаў і зрабіў заўвагу: „Ты – давераная асоба пакуль толькі кандыдата ў дэпутаты”.

Праваабаронцы ацэньваюць гэтае здарэнне як наўмысную правакацыю супраць незалежнага назіральніка. Інцыдэнт зафіксавала і місія назіральнікаў АБСЕ, якая наведала ўчастак. Саму Валянціну Свяцкую сёння тэрмінова выклікаў дадому сантэхнік, бо яна, маўляў, залівала суседзяў. Аднак на месцы стала вядома, што майстар нібыта “памыліўся”.

Чым тлумачыцца асабліва напружанае стаўленне да незалежных назіральнікаў з боку участковых камісіяў? Цягам галасавання неаднойчы фіксавалася выдаленне назіральнікаў па надуманых прычынах. Не абыходзілася і без міліцыі. Да прыкладу, міліцыю выклікалі на Веру Свяцкую, у Наталлі Гарачкі праваахоўнік адабраў відэакамеру, затрыманы назіральнік Пётр Маркелаў. Каментуе чалец Праваабарончага цэнтру “Вясна” Зміцер Салаўёў:

– Зараз незалежныя назіральнікі паралельна лічылі яўку. І як мы бачым, лічбы гэтыя адрозніваюцца ад афіцыйных. На некаторых участках на дзясяткі і нават сотні выбаршчыкаў. І гэта можа сведчыць пра тое, што можа быць фальсіфікацыя вынікаў выбараў. Бо зараз яны праходзяць у адзін тур, бачна, што ўлады нервуюцца. Вельмі хочуць, каб былі абраныя зацьверджаныя імі кандыдаты.

Як зазначае Салаўёў, з самага пачатку датэрміновага галасаваньня ўлады імкнуліся загнаць на ўчасткі як мага большую колькасьць выбарцаў, у тым ліку студэнтаў, каб потым маніпуляваць бюлетэнямі. Вынікі свайго маніторынгу праваабаронцы “Вясны” і Беларускага Хельсінкскага камітэту прадставяць ужо зранку 12-га верасня.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя