Праваслаўная Царква адзначае Узвіжанне Святога Крыжа



27 верасня Праваслаўная Царква адзначае другое з 12-ці вялікіх гадавых свята — Узняцце альбо Узвіжанне Святога Крыжа.

Свята было ўстаноўлена ў памяць двух важных падзеяў, звязаных з лёсам Крыжа Хрыстовага і дзеля ўмацавання Ягонага культу. Першая — гэта знаходка імператрыцай Аленай у IV стагоддзі закапанага ў зямлі арыгінальнага крыжа на якім памёр Хрыстос. Крыж быў падняты і паказаны натоўпам людзей на чатыры бакі свету, што практыкуецца ў храмах і цяпер.

Другая — гэта вяртанне крыжа зрабаванага персамі на сваё месца 300 гадоў пазней.

Згаданыя падзеі ўзмацнілі шанаванне Крыжовай ахвяры Хрыста, а крыж стаў сімвалам хрысціянства. Згаданыя падзеі ажывілі набожную памяць пра пакуты Хрыста ды іх значэнне. Свята Узвіжання — посны дзень. Святочны перыяд працягваецца восем дзён, пасля чаго святар уносіць крыж з сярэдзіны храму ў алтар. У гонар Узвіжання на Падляшшы існуе шэраг праваслаўных храмаў.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя