Праваслаўныя адзначаюць Узнясенне Гасподняе



Сёння Праваслаўная Царква адзначае вялікае свята – Узнясенне Гасподняе, якое заўсёды выпадае ў чацвер у саракавы дзень пасля Вялікадня. Свята належыць да рухомых, залежных ад Вялікадня святаў у гонар Ісуса Хрыста. Яно было ўстаноўлена ўжо ў апостальскія часы для ўшанавання слаўнага адыходу Хрыста на неба. Гэтая падзея апісаная ў Евангеллі паводле Марка (16, 16-20), Лукі (24, 50-53), а таксама ў Дзеях Апостальскіх (1, 4-12).

Ісус Хрыстос шмат разоў прадказваў Сваё ўзнясенне на неба. Прабыванне на зямлі пасля Уваскрэсення Ён скарыстаў дзеля канчатковага павучэння апосталаў, „з’яўляючыся перад імі цягам сарака дзён і гаворачы пра Царства Божае”(Дзеі. 1, 3). Калі наступіў час развітання, Хрыстос „вывеў іх ажно да Віфаніі і, падняўшы рукі свае, блаславіў іх. І… расстаўся з імі” (Лук. 24, 50-51). Евангеліст Марк паведаміў: „А калі Госпад Ісус быў узяты ўверх на неба… сеў праваруч Бога” (Марк. 16, 19). У Дзеях Апостальскіх чытаем пра абяцанне сасланья на апосталаў  Духа Святога, які ўмацуе іх і дасць ім неабходную сілу для выканання будучых заданняў: „Вазьміце Духа Святога, калі сыйдзе на вас, і будзьце мне сведкамі… ажно па канцы зямлі. І калі сказаў гэтае, а яны глядзелі, быў падняты ўверх, і воблака закрыла Яго ад вачэй іхных” (Дзеі. 1, 8-9).

Узнясенне было неабходнае, каб Сын Божы стаўся пасярэднікам паміж Богам і людзьмі. Ён развітаўся з вучнямі, але даручыў ім заданне евангелізацыі свету. Апошнімі Ягонымі словамі былі: „Я з вамі праз усе дні да канца свету” ( Мацв. 28, 20). Царква прыняла гэтыя словы як абяцанне пастаяннай апекі над светам, што Хрыстос, не зважаючы на свой адыход, увесь час прабывае з вернікамі. Гэта было радаснае развітанне, якое пацвердзіла праўдзівасць Ягоных слоў і дзеянняў, якое падсумавала выкананую місію Ісуса Хрыста.

У трапары гэтага свята гаворыцца: „Ты ўзнёсся ў славе, Хрысце, Божа наш, парадаваўшы вучняў абяцаннем Святога Духа і запэўненнем іх… што Ты — сапраўды Сын Божы, Збаўца свету”.

У момант Узнясення апосталы апошні раз бачылі Настаўніка цялеснымі вачыма, але адсутнасць Настаўніка толькі ўмацавала іх веру. Толькі тады, калі Хрыстос узнёсся на неба, яны ў сапраўднасці пазналі Яго, адчулі ў сабе абяцаную моц і радасць, якой ніхто не ў змозе адняць у іх. Ужо не бачаць цялеснымі вачыма Хрыста — Сына Чалавечага, але ніколі дагэтуль не адчувалі гэтак блізка прысутнасці Сына Божага. Яны ўсе сталі носьбітамі Хрыста Духам Святым, усе зразумелі моц Царства і, не баючыся смерці, пайшлі  прапаведаваць Яго па ўсім свеце. Няма ўжо падставы для сумненняў, калі Ён узнёсся ў славе і сеў праваруч Айца, няма чаго больш жадаць, калі з’явілася нябесная ўзнагарода, няма патрэбы спрачацца аб тым, хто Яму бліжэйшы, калі ўсіх пацягнуў за Сабою і да свабоды паклікаў усіх дзяцей Божых, няма патрэбы марыць пра Ізраільскае царства, калі адкрылася сусветнае Божае Царства. Місіянерства апосталаў завяршылася для ўсіх, акрамя Яна, пакутніцкай канчынай.

Узнясенне Гасподняе дазваляе нам лепш усвядоміць перавагу веры над бачаннем. Бачанае толькі ўражвае чалавека жывым вобразам: прамільгнула карціна, аслабела пачуццё і ў душы ўзнікае патрэба новага дасведчання, новых карцінаў, і няма канца пытанням і сумненням. Хто шукае нядоўгатрывалых вобразаў, каб на іх умацаваць сваю веру, той сам не ведае, чаго хоча. „Мы ходзім вераю, а не бачаннем, і шчаслівыя тыя, што не бачаць, але вераць”.

Узнясенне Гасподняе завяршае 40-дзённы, самы радасны, самы светлы ва ўсім літургічным годзе пасхальны перыяд. Аднак праз 10 дзён адбудзецца абяцанае Госпадам Сасланне Святога Духа, а гэта – так бы мовіць – дзень нараджэння Царквы.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pravoslavie.ru