Правасуддзе па-лукашэнкаўску



“Еўрастандартам правасуддзя па-лукашэнкаўску” называе новую практыку высылаць на тэлефоны СМС з прадпісаннем з’явіцца ў суд Віталь Рымашэўскі. Згодна атрыманай СМС, ён разам з другім сустаршынём Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам мусіць з’явіцца ў суд Цэнтральнага раёну Менска 24 сакавіка. Падстава – адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя 28 лютага „за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы”.

DSCN5782

У гэты дзень у беларускай сталіцы праходзіла акцыя ў падтрымку прадпрымальнікаў, нагадвае Віталь Рымашэўскі:

– Зараз яны шлюць паведамленні праз СМС – гэтую новаўводзіну яны прыдумалі для таго, відаць, каб аблегчыць справу судам. Атрымае чалавек СМС ці не, карыстаецца ці не ён тэлефонам – мала каго цікавіць. У акцыі 28 лютага, я лічу, меў права ўдзельнічаць кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь. І тое, што ў нас існуе такі дазваляльны прынцып правядзення вулічных акцый – гэта рэпрэсіўная мера супраць грамадзян, якая парушае правы чалавека – права на свабоду сходаў у тым ліку.

“Пратакол складзены завочна, у суд выклікаюць СМСкай – бачна жаданне суддзяў нават не глядзець у вочы людзям, якіх яны абвінавачваюць і караюць”, – адзначае Віталь Рымашэўскі.

Разам з Паўлам Севярынцам яны ўдзельнічалі ў акцыі прадпрымальнікаў у Менску. Павел Севярынец выступіў тады з заклікам адстаўкі Лукашэнкі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя