Прававы інспектар прафсаюза РЭП стаў на абарону гандляркі



Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці бароніць гомельскую гандлярку, якой налічылі 21 мільён беларускіх рублёў нястачы за 2,5 месяца працы. 23-гадовая Аляксандра Грамыка ўладкавалася на працу ў краму Гомельскага РАЙПО, якая знаходзіцца ў пасёлку Сеўрукі. Пасля рэвізіі крамы дзяўчыну і яе трох калег па працы абвінавацілі ў матэрыяльнай страце на суму звыш 80 млн беларускіх рублёў. Самі гандляркі сваю віну адмаўляюць. У адрозненне ад іншых гандлярак, якія пад ціскам адміністрацыі крамы пагадзіліся на кампенсацыю нястачы, Аляксандра Грамыка звярнулася па дапамогу ў незалежны прафсаюз.

– Здарылася такая сітуацыя, што правялі рэвізію, і аказалася, што не хапае 80 мільёнаў. На чацвярых падзялілі, на мяне – 21 мільён. Я гэтых грошай не брала, канешне. А яны кажуць, аддавай, бярыце можа крэдыт, або ў растэрміноўку, але вярніце, сплаціце доўг.

Прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП па Гомельшчыне Леанід Судаленка гатовы абараняць правы гандляркі Аляксандры Грамыкі ў судзе.

– Зразумела, я не рэкамендаваў ёй пагадзіцца ні на адзін з варыянтаў. Я расказаў, што будзе, калі яна пойдзе ў суд, што з 21 мільёна ў горшым выпадку яна заплоціць 10, ды і тое з улікам таго, што ў яе будзе растэрміноўна па 20% з будучай зарплаты да поўнага пагашэння. Нічога яна не губляе. Трэба не баяцца ісці ў суд. Гэта не крымінальная, гэта грамадзянская справа.

Для абароны сваіх правоў гандлярка Аляксандра Грамыка стала чальцом незалежнага прафсаюза РЭП. У выпадку судовай цяжбы з наймальнікам сяброўства ў прафсаюзе дасць ёй магчымасць юрыдычнай падтрымкі.

Беларускае Радыё Рацыя