Праведнікамі народаў свету сталі яшчэ сем беларусаў



Колькасць беларусаў, названых праведнікамі народаў свету, вырасла да 799 чалавек. На ўрачыстай цырымоніі ўшанавання праведнікаў народаў свету, якая адбылася ў Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста ў сталічным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ сямёра беларусаў былі пасмяротна ўдастоены гэтага высокага звання.

Званнем „Праведнік народаў свету” ганаруюцца людзі, якія, рызыкуючы сваім жыццём і жыццём родных, ратавалі габрэяў падчас Другой сусветнай вайны, адзначае абмасадар Вугоршчыны ў Беларусі  Вілмаш Сіклавары:

– Штогод мы ўзгадваем тое, што здарылася ў часы Другой сусветнай вайны, бо кожны мусіць ведаць, што гэта ніколі не павінна паўтарыцца.

Звання праведнікаў народаў свету ўдастоіліся гарбар Яфім Русецкі і яго жонка Юлія, якія жылі ў Косава, дзе падчас акупацыі размяшчалася габрэйскае гета адкрытага тыпу. У пачатку вайны сям’я схавала 28 габрэяў, у асноўным гэта былі работнікі гарбарнай майстэрні Русецкага, а таксама іх сваякі. Праз некаторы час Яфім, Юлія, а таксама трое іх дзяцей былі пакараныя разам з габрэйскай сям’ёй, якая ў іх хавалася. Ганаровую ўзнагароду за загінулых сваякоў атрымала траюрадная пляменніца Русецкіх Вольга Бондар.

Праведнікамі народаў свету былі названыя Наталля і Віктар Шунейкі, якія падчас пагромаў у Менскім гета хавалі ў сваім доме сям’ю Рубенчыкаў, а пасля дапамаглі ім уцячы да партызанаў. За Наталлю і Віктара ганаровыя дыпломы і медалі праведнікаў народаў свету прыняла іх дачка Алена Ламака. Праведнікамі народаў свету таксама прызналі Марыю, Андрэя і Іосіфа Красоўскіх. У пачатку вайны Марыі Красоўскай ўдалося вызваліць з Менскага гета маладую габрэйку Маргарыту Добрушкіну, у доме якой яна калісьці была памочніцай. Медалі і дыпломы праведнікаў народаў свету за сямейства Красоўскіх атрымала іх ўнучка Раіса Дуброва.

Паводле БелаПАН

Фота 9tv.co.il